BE RU EN

«Днепр» сенсацыйна выбіў «Шахцёра» з Кубка Беларусі

  • 17.03.2018, 21:44

Магілёўцы выбілі салігарчанаў з турніру.

17 сакавіка ў Бабруйску адбылася чвэрцьфінальная гульня Кубка Беларусі ў адказ паміж «Дняпром» і «Шахцёрам», у якой даволі нечакана магілёўскі клуб перамог больш рэйтынгавага спаборніка з лікам 2:0 і выйшаў у паўфінал турніру, паведамляе tut.by.

«Днепр» – «Шахцёр» – 2:0

«Днепр»: Высоцкі – Геўліч, Лоўгач, Кікі, Чухлей, Барсукоў, Паўлаў (к), Грачыха, Чыж (Лявіцкі, 89), Бардукоў, Фядосаў.

«Шахцёр»: Клімовіч (к) – Кузьмянок, Рыбак, Бурко, Бардачоў – Сзоке – Кавалёў, Каньяс (Джэксан, 76), Кіш, Сойры – Лапцеў.

Галы: 1:0 – Фядосаў (60). 2:0 – Фядосаў (72).

Нагадаем, што першую гульню ў Салігорску «гарнякі» правялі даволі ўпэўнена і перамаглі з лікам 3:1, што, у прынцыпе, дазваляла ім без асаблівых турботаў падыходзіць да гульні ў адказ. Аднак «Днепр» паднёс нечаканку, хоць першы тайм і не абяцаў халоднага душу!

Ці то праз мароз, ці то праз якасць поля ў Бабруйску першыя 45 хвілінаў матчу ў адказ атрымаліся сумнымі і безгалявымі. Але затое другая палова матчу выдалася драматычнай!

На 52-й хвіліне Лапцеў мог развязаць усе пытанні для «Шахцёра», але не разабраўся з мячом у раёне «кропкі» і загубіў добры момант для гола. Затое на 60-й хвіліне гаспадары даціснулі свой момант у штрафной гасцей і адкрылі рахунак. Вызначыўся Фядосаў. Праз 12 хвілінаў ён жа забіў другі гол, аформіўшы дубль. Адзначым, што абодва штурмы брамы прайшлі пры поўным дазволе абароны «Шахцёра».

Потым Клімовіч выратаваў «гарнякоў» ад трэцяй прабоіны, адбіўшы ўдар ва ўпор з раёна брамы.

Госці стараліся выратаваць гульню, але «Днепр» злавіў кураж і давёў гульню да перамогі, пакінуўшы сваю браму сухой, хоць у канцоўцы Лапцеў і Кавалёў мелі два нядрэнныя моманты.

Такім чынам, за кошт выязнога гола ў Салігорску магілёўцы прайшлі ў паўфінал Кубка Беларусі.

Нагадаем, што ў паўфінал прайшоў таксама «Нёман», не сгуляўшы ні аднаго матчу з «Крумкачамi», якія праз фінансавыя праблемы зняліся з турніру.

18 сакавіка адбудуцца яшчэ дзве кубкавыя гульні.

У Менску берасцейскае «Дынама» згуляе са «Слуцкам» (першы матч – 2:0 на карысць берасцейцаў), а ў Барысаве БАТЭ сустрэнецца з «Іслаччу» (першы матч – 2:1 на карысць барысаўчанаў).

Апошнія навіны