У Берасці блізу 200 праціўнікаў акумулятарнага завода выйшлі на цэнтральную плошчу
- 18.03.2018, 15:30
З кожным разам акцыі збіраюць усё больш людзей.
Скандаваннем «Не заводу!» закончылася чарговая сустрэча праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода, якая прайшла 18 сакавіка на плошчы Леніна ў Берасці, паведамляе tut.by.
Чацвёртая нядзельная сустрэча сабрала, паводле розных ацэнак, ад 150 да 200 чалавек і стала самай масавай з моманту пачатку акцый. Як і раней, людзі сабраліся на цэнтральнай плошчы без транспарантаў. Людзі стаялі групамі, гутарылі і кармілі галубоў.
Праваабаронца Раман Кісляк патлумачыў павелічэнне колькасці ўдзельнікаў расчараваннем людзей у дыялогу з уладамі.
– Цяпер людзі разумеюць, што іх не хочуць слухаць. У цывілізаваных краінах, калі адбываюцца такія канфлікты, улады разбіраюцца, праводзяць расследаванне, а не спрабуюць угаварыць нязгодных, – адзначыў Раман Кісляк.
Актывіст Дзмітрый Бекалюк, які ўдзельнічае ў перамовах з уладамі ад імя праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода, падкрэсліў, што пасля звароту грамадзянаў у Адміністрацыю прэзідэнта і да ягонага памочніка, інспектара Берасцейскай вобласці Васіля Герасімава сустрэчы з чыноўнікамі «сталі насіць больш канструктыўны характар».
Берасцеец Сяргей Геліс апавёў, што калі акумулятарны завод усё ж такі будзе пабудаваны ў свабоднай эканамічнай зоне, ён мае намер пераехаць жыць за мяжу.
– Я прадам усю сваю маёмасць і паеду, – адзначыў гараджанін.
Старшыня абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі ("Грамада") Ігар Маслоўскі падкрэсліў важнасць канструктыўнага дыялогу жыхароў з чыноўнікамі.
– Мы думаем, што ўладам важна слухаць людзей. Напрыклад, у Берасці ёсць пытанні з колькасцю дзіцячых садоў і школаў. Гэта трэба будаваць, а не завод, супраць якога выступае і горад, і прыгарад.
Падчас акцыі праціўнікі будаўніцтва завода пад Берасцем сабраліся паўколам і заслухалі песню «Жыць», якую на днях выклалі ў інтэрнэт з мэтай прывабіць увагу да пратэсту. Потым прысутныя пракрычалі «Не заводу!».
Блізу 13-й людзі сталі разыходзіцца.
Нагадаем, узвядзенне акумулятарнага завода пачалося на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» у свабоднай эканамічнай зоне «Брэст». Пытаннем будаўніцтва занепакоеныя жыхары Берасця, некалькіх найбліжэйшых вёсак і садовых таварыстваў. Галоўнае, што хвалюе людзей, – гэта ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. Аднак праведзеная да пачатку будаўніцтва экспертыза паказала, што «негатыўнае ўздзеянне праектаванага аб'екта на атмасфернае паветра, паверхневыя і падземныя воды, нетры, глебы, жывёльны і раслінны свет, а таксама на чалавека нязначнае», а «ўвод праектаваных аб'ектаў у эксплуатацыю не прывядзе да парушэння прыродна-антрапагеннай раўнавагі». Праціўнікі будаўніцтва ставяць пад сумнеў гэтыя звесткі.
22 лютага ініцыятыўная група падала ў адміністрацыю Лукашэнкі зварот з патрабаваннем прыпыніць будаўніцтва завода, пад якім падпісаліся больш за 36 тысячаў чалавек.
З 25 лютага праціўнікі будаўніцтва кожную нядзелю збіраюцца на плошчы Леніна ў Берасці, каб абмеркаваць далейшыя дзеянні. Сустрэчы праходзяць без дазволу гарадскіх уладаў. Праціўнікі будаўніцтва свае сходы не называюць акцыямі. Паводле іхніх словаў, яны прыходзяць на плошчу раз на тыдзень, каб пакарміць галубоў і абмеркаваць пытанне ўзвядзення прадпрыемства.
Пытаннем будаўніцтва завода занепакоеная і Польшча. Польскі бок накіраваў беларусам афіцыйны запыт. Прэс-сакратар галоўнай управы аховы навакольнага асяроддзя Польшчы Моніка Якубяк паведаміла «Польскаму радыё», што Польшча мае права абмяркоўваць з суседзямі пытанне ўздзеяння будаванага прадпрыемства на жыхароў памежнай польскай тэрыторыі.