Суд «ухваліў» будаўніцтва небяспечнага завода ў Берасці
- 27.03.2018, 21:52
Суд Маскоўскага раёна Берасця не задаволіў пазоў грамадзян, якія спрабуюць спыніць будаўніцтва акумулятарнага завода.
У пазове прадстаўнікі ініцыятыўнай групы і грамадскага аб'яднання «Экадом» спасылаліся на тое, што грамадскае абмеркаванне, якое патрабуецца ў рамках нацыянальнага заканадаўства і Орхускай канвенцыі, падпісанай Беларуссю, не было праведзенае, паведамляе «Радыё Рацыя».
Аднак, суд стаў на бок кампаніі «IPOWER», якая давяла ў судзе тое, што грамадскія абмеркаванні ўсё ж прайшлі.
- Я толькі што пра гэта казаў, каментаваць пастанову суда не буду, таму што гэта суд. Планы ёсць, мы іх будзем рэалізоўваць, агучваць не будзем, бо няма чаго, - кажа адзін з заяўнікаў пазову Дзям'ян Лепясевіч.
- Не правасуднае рашэнне адназначна таму, што згодна з артыкулам 12 Грамадзянскага кодэкса, нарматыўны акт дзяржаўнага органа або ўпраўлення, калі не адпавядае заканадаўству, то ён прызнаецца несапраўдным і не мае юрыдычнай сілы, адзначыў актывіст Фёдар Петрусевіч.
Частка прадстаўнікоў ініцыятыўнай групы грамадзян - праціўнікаў будаўніцтва, агучылі намер змяніць фармулёўку і падаць ужо наступны пазоў. Гэта ж рашэнне яны могуць абскардзіць у вышэйшых судовых інстанцыях. Падчас абвяшчэння рашэння, у зале прысутнічала блізу 40 чалавек, якія зацікаўленыя ў спыненні будаўніцтва.