Змітра Паліенку перавялі ў шпіталь следчай турмы ў Жодзіне
- 31.03.2018, 21:36
Палітвязень будзе там знаходзіцца мінімум два-тры тыдні.
Палітвязень Зміцер Паліенка ў лісце да сяброўкі Марыне Насенкі піша, што хварэе на бактэрыяльную экзэму, перадае «Белсат».
Мікробная экзэма - другаснае запаленчае дэрматалагічнае захворванне, якое развіваецца вакол ран, язваў і расколін з прычыны інфікавання. Асабліва часта з'яўляецца на нагах.
Са слоў Марыны Насенкі, адміністрацыя бабруйскай калоніі 27 сакавіка перавяла Дзмітрыя ў шпіталь следчай турмы ў Жодзіне. Знаходзіцца ён там будзе 2-3 тыдні мінімум.
Актывістка піша, што адміністрацыя жодзінскай турмы не пацвярджае адвакату, што Паліенка знаходзіцца ў іх.
Увосень 2016 года Змітру Паліенку прысудзілі два гады ўмоўна паводле двух артыкулаў - 364 (гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў; нагодай стаў гэты інцыдэнт) і часткі 2 артыкула 343 (выраб і распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў або рэчаў парнаграфічнага характару).
Праваабарончы цэнтр «Вясна» прыняў меры пераследу Змітра за непрапарцыйныя ўчыненаму правапарушэнню.
Арганізацыя Amnesty International прызнала Паліенку вязнем сумлення.
10 сакавіка суд Маскоўскага раёна Менска прысудзіў Паліенку да сямі дзён арышту за «дробнае хуліганства» за тое, што ён у Доме правасуддзя абурыўся прысудам у «справе антыфашыстаў».
20 сакавіка Дзмітрыя затрымалі каля ізалятара на вуліцы Акрэсціна, куды ён прынёс перадачу для арыштантаў. Суд Заводскага раёна Менска асудзіў яго на 15 дзён за мірную акцыю пратэсту супраць будаўніцтва офіснага цэнтра ў Курапатах. У дзень заканчэння тэрміну арышту, які Паліенка адбываў у жодзінскім ізалятары, ён на волю не выйшаў. Былыя сукамернікі паведамілі, што актывісту «дадалі» яшчэ 10 дзён арышту, але за што - не вядома.
Згодна з беларускім заканадаўствам, умоўны тэрмін можа быць заменены на рэальны пры сістэматычным парушэнні правапарадку. Трох адміністрацыйных спраў на працягу некалькіх месяцаў было дастаткова, каб суд прыняў Змітра за сістэматычнага парушальніка.
Яму засталося сядзець яшчэ паўгода.