У 25 краінах Еўропы гадзіннікі ў мікрахвалёўках пачалі ісці больш павольна
- 6.03.2018, 19:53
Час на мікрахвалёўках і радыёпрымачах пачаў адставаць ад рэальнага на некалькі хвілін.
Жыхары Еўропы выявілі, што электронныя гадзіннікі ў іх бытавой тэхніцы раптам зламаліся: час, на іх пачаў адставаць ад рэальнага на некалькі хвілін. Напрыклад, на славацкім форуме Slotech паведамляецца пра збоі ў гадзінніках, устаноўленых у радыёпрымачах, духоўках і будзільніках. Адзін з карыстальнікаў распавёў, што ён нават думаў змяніць свой будзільнік праз непаладкі, піша «Медуза».
Карыстальнікі звярнулі ўвагу на тое, што будзільнікі на батарэйках працягнулі працаваць нармальна, - і выказалі здагадку, што збой выклікала праца ад электрасеткі.
ENTSO-E, еўрапейская сетка сістэмных аператараў перадачы электраэнэргіі, абвясціла 3 сакавіка, што з сярэдзіны студзеня ў электрасетцы кантынента назіраліся «істотныя адхіленні». Яны прыводзілі да невялікага зніжэння частаты пераменнага току ў разетках, а гэта як раз цягнула за сабой запаволенне ходу гадзіннікаў, якія працуюць ад электрасеткі. Наступствы выявіліся ў 25 краінах Еўропы.
Справа ў тым, што ў некаторых бытавых прыборах, пастаянна падлучаных да электрасеткі (як тыя ж мікрахвалёўкі), час адлічваецца з дапамогай частаты пераменнага току, а не кварцавага генератара. Частата току ў еўрапейскіх разетка стабільна трымаецца на ўзроўні блізу 50 герц; сістэме дастаткова гэтага паказчыка, каб адлічваць ход часу («пачатковае» становішча пры падключэнні задае карыстальнік).
На справе частата злёгку змяняецца на працягу дня, але звычайна яе зніжэнне кампенсуюцца падвышэннямі, і ў сярэднім гадзіннікі паказваюць правільны час. Аднак праз адхіленні ў еўрапейскай электрасетцы сярэдняя частата склала 49,996 Герца; гадзіннікі са студзеня назапасілі адставанне ў шэсць хвілін.
6 сакавіка ENTSO-E абвясціла, што збой адбыўся ў электрасетцы на тэрыторыі Сербіі і Чарнагорыі, між іншым ў Косава. Праз гэта, падкрэслівае арганізацыя, «страчана» 113 гігават-гадзін энэргіі.
У ENTSO-E мяркуюць, што прычынай збою сталі рознагалоссі паміж уладамі Сербіі і Косава. Арганізацыя абвясціла, што акрамя тэхнічных захадаў для аднаўлення правільнай частаты ў электрасетцы патрэбныя палітычныя крокі з боку краін Еўразвязу.
Каб выправіць адхіленне часу, ENTSO-E мае намер запусціць «кампенсацыйную праграму». Карыстальнікі таксама могуць скінуць час самастойна - але ім давядзецца паўтарыць аперацыю, калі частата ў электрасетцы будзе адноўленая.