BE RU EN

Актывіст БНК з Віцебска падаў заяўку на правядзенне шэсця ў Дзень Волі

  • 8.03.2018, 16:31

Шэсце пачнецца ад помніка князю Альгерду.

З нагоды 100-гадовага юбілею абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі актывіст Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Уладзімір Кійкo звярнуўся ў адміністрацыю Кастрычніцкага раёна горада Віцебска з заяўкай на правядзенне шэсця ў цэнтры горада 25 сакавіка, піша «Витебская весна».

У сваёй заяўцы актывіст спаслаўся на артыкулы Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, а таксама на Канстытуцыю Беларусі, якія гарантуюць правы грамадзян на арганізацыю і правядзенне мірных масавых мерапрыемстваў.

Актывіст даў гарантыі таго, што масавая акцыя будзе насіць мірны характар.

Паводле плану маршрут святочнага шэсця павінен праходзіць пешаходнай вуліцай Суворава ад помніка князю Альгерду, што размешчаны на Ратушнай плошчы, да помніка пісьменніку Уладзіміру Караткевічу. Пасля заканчэння шэсця павінен адбыцца мітынг.

Такі маршрут быў абраны не выпадкова. Справа ў тым, што ўжо цягам многіх гадоў мясцовыя актывіст ходзяць 25 сакавіка на Дзень Волі менавіта такім шляхам. Такім чынам, гэта стала ўжо своеасаблівай традыцыяй.

Таксама цягам ужо многіх гадоў падаюцца такія заяўкі ў мясцовыя выканаўчыя органы з просьбай даць дазвол на правядзенне святочных мерапрыемстваў на Дзень Волі. І пакуль заўсёды адказ быў нязменным: «Не!», што стала таксама традыцыяй.

Апошнія навіны