Савет федэрацыі РФ: Волкер «аб'яднаўся з украінскай радыкальнай палітычнай элітай»
- 8.03.2018, 16:19
Курт Волкер займае прынцыповую пазіцыю ў пытанні Крыма.
Член камітэта Савета Федэрацыі РФ у міжнародных справах ад анэксаванага Крыма Сяргей Цэкаў у каментары RT заявіў, што спецпрадстаўнік Дзярждэпартамента ЗША ў пытаннях Украіны Курт Волкер заняў праўкраінскую пазіцыю ў пытанні прыналежнасці Крыма, піша «Гордан».
Са слоў Цэкава, Волкер не праявіў сябе ў развязанні канфлікту на Данбасе. Палітык мяркуе, што Волкер «аб'яднаўся з украінскай радыкальнай палітычнай элітай» і «фактычна стаў на бок Украіны», таму не можа быць пасярэднікам.
Цэкаў сказаў, што Волкер «не ведае», што так званы рэферэндум у Крыме быў «абсалютна легітымным» і «ўз'яднанне» паўвострава з РФ «адказвае міжнародным стандартам».
На думку расейскага палітыка, ад працы Волкера не варта чакаць «нічога добрага».
7 сакавіка Волкер заявіў, што пазіцыя сусветнай супольнасці аб анэксіі Крыма павінна быць больш жорсткай.
«Я думаю, што прыйшоў час падумаць пра тое, як мы можам зрабіць нашу пазіцыю больш жорсткай, уключаючы наступствы за паездкі, гандаль і бізнэс-кантакты з гэтай тэрыторыяй», - сказаў амерыканскі дыпламат.