Менск далучыўся да сусветнай акцыі «30 дзён на ровары»
- 1.04.2018, 20:25
Удзельнікі акцыі ездзяць з адмысловымі флаерамі на роварах і пазнаюць адзін аднаго на вуліцы.
Вы ездзіце на ровары? Вясна сёлета асабліва не спяшаецца, на вуліцы па-ранейшаму не надта прыемна знаходзіцца, а ўжо тым больш круціць педалі, піша onliner.by. Тым не менш натхнёныя людзі ёсць. Каб хутчэй пераехаць у цёплы сезон, яны сабраліся сёння разам і далі адзін аднаму абяцанне цягам цэлага месяца штодня ездзіць на ровары. Такім чынам менчукі далучыліся да акцыі, якая праводзіцца ва ўсім свеце, - #30daysofbiking.
- Гэта сусветная акцыя, у рамках якой усе ўдзельнікі ездзяць з адмысловымі флаерамі на роварах і пазнаюць адзін аднаго на вуліцы. Добрая матывацыя для людзей, якія не ездзілі або мала ездзілі на ровары ўзімку, - распавялі арганізатары мерапрыемства.
Флаер кожны ахвотны веласіпедыст мог атрымаць бясплатна. Тым, хто жыве ў іншым горадзе, іх высылалі поштай. Галоўнае - пратрымацца. 30 дзён ва ўсялякае надвор'е без выходных - думаеце, лёгка? Паспрабуйце!
А 14:30 пачалася велашпацыры ад вуліцы Смалячкова. Веласіпедыстаў сабралася нямала, нягледзячы на надвор'е.