Гарадзенскі журналіст змагаецца з «расейскім светам»
- 1.04.2018, 21:02
Дзяніс Івашын дамогся забароны гарадзенскага канцэрта прапагандыста «расейскага свету».
Гарадзенскі журналіст, сябра ГА «Беларуская Асацыяцыя Журналістаў», Дзяніс Івашын правёў расследаванне выступаў спевака Аляксея Нежаўца, у выніку дзякуючы гэтаму канцэрт спевака ў Гародні 28 сакавіка быў забаронены, піша сайт baj.by.
Са слоў Дзяніса Івашына, усё пачалося з таго, што ён даведаўся пра грамадзяніна Беларусі, які займаецца актыўнай канцэртнай дзейнасцю ў краіне і мае пэўнае дачыненне да расейскіх акупацыйных сіл ва Украіне (на тэрыторыі Крыма і Данбаса).
- З крыніц у адкрытым доступе высветліў, што Аляксей Нежавец з'яўляецца прапагандыстам "расейскага свету", незаконна перасякае дзяржаўную мяжу Украіны, трапляе ў Данецк і Луганск, на часова акупаваныя тэрыторыі. Ён займаецца падтрымкай маральна-псіхалагічнага стану расейскіх падраздзяленняў, наведвае вайсковыя шпіталі, дзе ляжаць гэтыя параненыя "ваеўнікі". Ён часта з'яўляецца ў эфіры СМІ акупацыйнай адміністрацыі. Я нават вызначыў, што яму быў уручаны дыплом ад так званага "міністэрства інфармацыі ДНР" за "значны ўнёсак у прарыве інфармацыйнай блакады ДНР", - распавёў Івашын.
Расследаванне было адпраўленае ў органы дзяржкіравання. Таксама сувязь падтрымлівалася з Гарадзенскім драматычным тэатры, дзе меўся выступіць Аляксей Нежавец. І ў расследаванні была інфармацыя, каб людзі выяўлялі сваю грамадзянскую пазіцыю і звярталіся ў дзяржаўныя органы.
- Думаю, што вось гэтая цвёрдая грамадзянская пазіцыя і паўплывала на скасаванне канцэрту Аляксея Нежаўца, - мяркуе журналіст. - Да мяне ўжо паступае інфармацыя, што ў красавіку ён запланаваў свой канцэртны тур у Полацкім раёне. Я буду сачыць за гэтай сітуацыяй і заклікаю актывістаў і журналістаў з Полацку выявіць сваю грамадзянскую пазіцыю, каб спыніць ягоную канцэртную дзейнасць.