Парашэнка: Для РФ «Паўночны струмень - 2» - інструмент палітычнага ціску
- 1.04.2018, 21:37
Прэзідэнт Украіны назваў абаронцаў «Паўночнага струменю - 2» хаўруснікамі Масквы.
Прыхільнікі будаўніцтва трубаправода "Паўночны струмень - 2" з'яўляюцца "хаўруснікамі Расеі ў яе гібрыднай вайне", мяркуе прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка, піша «Нямецкая хваля».
Справа аб атручэнні былога падвойнага агента Сяргея Скрыпаля пацягне за сабой наступствы для пракладкі трубаправода, які мае злучыць Расею і Нямеччыну, заявіў Парашэнка ў інтэрв'ю выданням мэдыягрупы Funke, якое будзе апублікаванае ў суботу, 31 сакавіка.
Будаўніцтва "Паўночнага струменю - 2" нясе "сур'ёзную небяспеку" для Украіны, упэўнены ўкраінскі прэзідэнт. З аднаго боку, Кіеў штогод будзе траціць па 2 млрд даляраў мытаў, якія Кіеў спаганяў за транзіт расейскага газу ў Еўропу. З іншага боку, расейскі канцэрн "Газпром", напэўна, паменшыць аб'ёмы паставак газу ва Украіну і такім чынам "аслабіць" гэтую краіну. Для Расеі "Паўночны струмень - 2" - гэта "інструмент палітычнага ціску", падкрэсліў Парашэнка.
У канцы сакавіка кампанія Nord Stream 2, заснавальнікам і адзіным акцыянерам якой з'яўляецца "Газпром", атрымала дазвол на пракладку адцінка "Паўночнага струменю - 2" у нямецкай эканамічнай зоне. Пятро Парашэнка мяркуе, што будаўніцтва трубаправода парушае прынцыпы Еўрапейскага энэргетычнага звязу. Паводле слоў украінскага прэзідэнта, Нямеччына і паўночны захад Еўропы стануць больш залежнымі ад Масквы, а рынак альтэрнатыўнай энэргіі зазнае страты.
Nord Stream 2 мерыцца пачаць будаўніцтва "Паўночнага струменю - 2" у 2018 годзе і закончыць яго пад канец 2019 года. Працягласць трубаправода з транзітнай здольнасцю 55 млрд кубамэтраў газу на год мае скласці 1220 км, ён будзе злучаць расейскую Усць-Лугу і нямецкі Грайфсвальд.