У Лідскім раёне хочуць знесці трыумфальную арку Радзівілаў
- 10.04.2018, 21:15
Князі Радзівілы пабудавалі трыумфальную арку ў вёсцы Вялікае Сяло ў XVIII стагоддзі.
У вёсцы Вялікае Сяло Лідскага раёна хочуць знесці трыумфальную арку, якую пабудавалі ў XVIII стагоддзі князі Радзівілы. Мясцовыя жыхары супраць і кажуць, што гэта іх спадчына.
Гісторыю распавядае партал 0154.by.
Месца паміж вёскамі Вялікае Сяло і Жырмуны Радзівілы збіраліся зрабіць сваёй рэзідэнцыяй і пабудаваць тут палацавы комплекс. Першым, што яны ўзвялі, была двухпавярховая трыумфальная арка. З двух бакоў ад яе пабудавалі флігелі. У іх размяшчаліся кухні, пякарні, бібліятэка, аранжарэя, капліца і іншыя гаспадарчыя памяшканні. Ад правага флігеля, на жаль, практычна нічога не засталося, а вось левы захаваўся.
Радзівілы так і не дабудавалі комплекс. Апошнія ўладальнікі выехалі адсюль праз трыумфальную арку ў 1939 годзе - калі прыйшлі бальшавікі. Пасля вайны флігелі не пуставалі: тут жылі людзі і працавала школа.
Цяпер арка ў жаласным стане. Руіны не ўнесены ў спіс гістарычных каштоўнасцяў, хоць і былі пабудаваныя 300 гадоў таму. Не так даўно частка аркі абрынулася. Мясцовыя ўлады кажуць, што яна ўяўляе небяспеку для людзей.
- Арка - гэта наша спадчына. Руйнаваць яе - варварства, - кажа жыхар вёскі Вялікае Сяло Віталь. - Браму хочуць прыбраць, а на яе месцы пракласці дарогу. У левым флігелі калісьці жыла мая мама, таму з трыумфальнай аркай у мяне звязаны асабістыя ўспаміны.
Старшыня Крупаўскага сельсавета Руслан Мельнік каментуе сітуацыю так:
- Мы не супраць здабытку і гісторыі. Але сітуацыя такая: месяца паўтара таму абрынулася частка аркі. На сённяшні дзень гэта збудаванне ўяўляе пагрозу для жыцця людзей. Пастанову пра знос прыняла і камісія па НС, якая аглядала арку. Ёсць таксама цяжкасці праезду ў гэтым месцы. Цагліны перыядычна падаюць на праезную частку. Да гэтага транспарт праходзіў пад аркай.
- Хай тады лепш яе абгародзяць, і руйнуецца яна паволі самастойна, ад часу. А дарогу можна і побач пракласці. Паглядзіце - месца стае! - парыруе Віталь.
У найбліжэйшы час у Лідскім райвыканкаме будзе прынятая пастанова пра далейшы лёс руін сядзібы Радзівілаў. Мясцовыя ўлады кажуць, што цяпер сродкаў на рэканструкцыю аркі няма.