Сілуанаў заклікаў расейцаў самім паклапаціцца пра годную пенсію
- 10.04.2018, 21:28
Міністр фінансаў РФ заклікаў расейцаў не разлічваць на дзяржаву.
Пра гэта заявіў міністр фінансаў РФ Антон Сілуанаў на канферэнцыі ў Вышэйшай школе эканомікі, паведамляе РБК.
«Для росту эканомікі неабходна прыцягненне доўгіх грошай - адкуль іх узяць? Безумоўна, мы павінны стварыць крыніцы фінансавання. Таму мы бачым неабходнасць стварэння рэсурсу ў выглядзе інвестыцыйных назапашванняў нашых грамадзян, гаворка ідзе пра пенсійны капітал», - сказаў Сілуанаў. Ён адзначыў, што такія сістэмы прымяняюцца ў многіх краінах свету.
«Апроч дзяржаўнага пенсійнага забеспячэння, грамадзяне павінны самі клапаціцца пра тое, каб пры завяршэнні працы, атрымліваць годную пенсію. Гэта павінна стымуляваць і развіццё пенсійных накапленняў. Менавіта такую магчымасць дзяржава павінна падаваць у выглядзе пенсійных сістэм, што стабільна працуюць», - падкрэсліў міністр. Са слоў Сілуанава, расейскія ўлады маюць намер у найбліжэйшы час запусціць сістэму індывідуальнага пенсійнага капіталу і спадзяюцца, што яна стане цікавая грамадзянам.
«Работнікі павінны паступова адкладаць частку сваіх заробкаў, каб выкарыстоўваць гэтыя рэсурсы пасля выхаду на пенсію. Безумоўна, гэтыя доўгія рэсурсы павінны быць выкарыстаны і ў інвестыцыйных мэтах», - дадаў кіраўнік Мінфіна РФ.