BE RU EN

Сотні тысяч каталонцаў выйшлі на вуліцы ў падтрымку арыштаваных палітыкаў

  • 15.04.2018, 20:11

Арганізатары запатрабавалі дэмакратычнага развязання канфлікту вакол незалежнасці Каталоніі.

Сотні тысяч чалавек у Барселоне ў нядзелю, 15 красавіка, выйшлі на вуліцы ў падтрымку дзевяці арыштаваных лідараў руху за незалежнасць Каталоніі, піша «Немецкая волна».

Удзельнікі маршу патрабавалі свабоды для палітвязняў. Паліцыя Барселоны паведаміла, што ў акцыях бралі ўдзел да 350 тысяч чалавек з усёй Каталоніі. Палітыкам, якія знаходзяцца ў зняволенні, пагражаюць турэмныя тэрміны да 25 гадоў кожнаму.

Пратэсты былі арганізаваны заснаванай у сакавіку платформай "У абарону каталонскіх інстытуцый". Сваю падтрымку мерапрыемству выказалі два найбуйнейшыя гішпанскія прафсаюзы - CCOO і UGT. У адным з маніфесце арганізатары асудзілі той факт, што спрэчку аб незалежнасці Каталоніі пачалі развязваць "юрыдычнымі метадамі", а таксама запатрабавалі "дэмакратычнага развязання канфлікту".

Гішпанскае правасуддзе адкрыла расследаванне ў дачыненні да палітыкаў і актывістаў - прыхільнікаў незалежнасці Каталоніі, якіх падазраюць у спробе аддзялення аўтаноміі. Два вядучых прадстаўніка руху знаходзяцца ў зняволенні з 16 кастрычніка 2017 года. Экс-кіраўнік Каталоніі Карлес Пучдэмон, неўзабаве пасля скандальнага рэферэндуму ў Каталоніі ў кастрычніку пакінуў Гішпанію, у гэты момант ён знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе ў Нямеччыне.

Апошнія навіны