BE RU EN

The Daily Telegraph: Удзельнікі замаху на Скрыпаля звязаныя з расейскімі ўладамі

  • 21.04.2018, 14:29

Падазраваныя ў замаху на экс-афіцэра расейскай выведкі ўжо вярнуліся ў РФ.

Асобы, якія спрабавалі атруціць у брытанскім Солсберы экс-афіцэра расейскай выведкі Сяргея Скрыпаля, звязаныя з уладамі РФ. Пра гэта са спасылкай на інфармаваную крыніцу піша The Daily Telegraph (пераклад - gordonua.com).

Група зламыснікаў была выяўленая контрвыведкай і антытэрарыстычнай паліцыяй.

Брытанскія следчыя мяркуюць, што падазраваныя ў замаху на Скрыпаля ўжо вярнуліся ў Расею. Іх здолелі ўстанавіць пасля аналізу спісаў пасажыраў авіярэйсаў у Вялікую Брытанію і з яе.

66-гадовага Скрыпаля і ягоную 33-гадовую дачку Юлію шпіталізавалі з сімптомамі атручвання 4 сакавіка. Пазней абодва выйшлі з крытычнага стану.

Следства высветліла, што падчас замаху выкарыстоўваўся распрацаваны ў Расеі нервова-паралітычны агент «Навічок».

У адказ на атаку амаль 30 краін выслалі расейскіх дыпламатаў. З ЗША дэпартавалі 60 прадстаўнікоў РФ. Таксама Белы дом закрыў Генконсульства РФ у Сіэтле. Крэмль пасля гэтага абвясціў персонамі нон-грата дыпламатаў з 25 краін.

29 сакавіка стала вядома, што Юлія Скрыпаль прыйшла ў сябе і пачала размаўляць. 9 красавіка яе выпісалі з лякарні.

Паводле звестак СМІ, яна знаходзіцца ў шпіталі на вайсковай базе.

Сяргей Скрыпаль, са слоў лекараў, аднаўляецца павольней за дачку, але прагрэс прыкметны.

Апошнія навіны