У Менску прадавец абутку за паўгода вынес з крамы амаль 200 пар
- 26.04.2018, 21:49
Бясследна зніклі 187 пар абутку агульным коштам звыш 35 тысяч рублёў.
Пасля правядзення ў сярэдзіне сакавіка чарговай інвентарызацыі дырэктару аднае з крамаў у сталічным ГЦ ледзь не стала дрэнна. Кіраўнік выявіў буйную нястачу: бясследна знікла 187 пар абутку агульным коштам звыш 35 тысяч рублёў. Па дапамогу ён звярнуўся ў міліцыю.
У крадзяжы абутку праваахоўнікі падазраюць былога прадаўца буціка, 32-гадовага менчука, паведамляюць у ГУУС Менскага гарвыканкама. За паўгода працы ў абутковай краме, з лістапада 2017 да 14 сакавіка 2018 года, мужчына нядрэнна ўзбагаціўся. Ён не толькі выносіў скрадзены абутак, але і браў грошы за прададзеныя пары. Праўда, куды ён потым падзеў скрадзены абутак не паведамляецца, магчыма, рэалізоўваў сам або з дапамогай змоўшчыкаў.
Супраць махляра за крадзеж распачалі крымінальную справу, яму пагражае ад 3 да 12 гадоў зняволення з канфіскацыяй.