Як беларусы будуць аплачваць уцяпленне дамоў
- 28.04.2018, 20:33
ЖКГ прыдумала, як будуць аплачвацца «футры» для дамоў.
У 2016 годзе цеплавая мадэрнізацыя ў мэтах ашчады была выключаная з пераліку работ капітальнага рамонту жылых дамоў. Гэта было дзіўнай пастановай на фоне заяў, што краіне па-ранейшаму трэба ашчаджаць энэргарэсурсы: калі яшчэ ўцяпляць «хрушчоўкі» і панэлькі, як не падчас капітальнага рамонту?
Выявілася, ЖКГ узяла пярэрву, каб прыдумаць, як аплачваць «футры» для дамоў, пішуць «Свободные новости». Аб прапанаваным механізме фінансавання цеплавой мадэрнізацыі жылля расказаў намеснік міністра ЖКГ Генадзь Трубіла.
- Падрыхтаваная канцэпцыя нарматыўна-прававога акта. У фонд цеплавой мадэрнізацыі мяркуецца накіраваць частку фінансавых сродкаў, якія выдаюцца на капітальны рамонт. Фонд часткова напоўняць адлічэнні грамадзян, якія плацяць за прыватызацыю жылля, - сказаў Трубіла. - Плануем зрабіць дыферэнцыяваны падыход пры вызначэнні дзелі фінансавання з боку фонду і з боку насельніцтва. Калі будзе дасягацца максімальны эфэкт пры цеплавой мадэрнізацыі, то дзель сродкаў фонду будзе максімальнай - 80% ад вартасці.
Пры гэтым намеснік міністра падкрэсліў, што прымушаць скідацца на «футра для дому» не будуць.
- Калі грамадзяне вызначацца, прагаласуюць за гэта, арганізацыя ЖКГ ці таварыства ўласнікаў будуць выступаць у якасці арганізатара гэтага працэсу, - растлумачыў Генадзь Трубіла.