«Нам тут жыць!»: На мітынг у Берасці выйшлі дзве тысячы чалавек
- 29.04.2018, 15:11
Жыхары горада запатрабавалі змусіць да адказу чыноўнікаў, якія дазволілі будаўніцтва акумулятарнага завода.
29 красавіка жыхары Берасця чарговы раз сабраліся на пратэст супраць будаўніцтва акумулятарнага завода «АйПаўэр», паведамляе «Белсат».
Арганізатары акцыі «берасцейкі супраць свінцу» пастанавілі правесці яе ў Парку воінаў-інтэрнацыяналістаў пасля таго, як улады не пагадзіліся на цэнтр горада
У дазволеным месцы правядзення акцыі сабралася блізу 2 тысячаў чалавек, каб выказаць сваю нязгоду з пабудовай прадпрыемства. Вядоўцамі мітынгу былі блогеры Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў, паведамляе «Радыё Свабода».
Людзі выступалі са сцэны, скандавалі лозунгі супраць будаўніцтва акумулятарнага завода. Міліцыянты не ўмешваліся, паколькі акцыя санкцыянаваная ўладамі.
Падчас акцыі інжынер, хімік-тэхнолаг Людміла Страдальчанка, якая вывучала вытворчасць акумулятараў на базе Падольскага акумулятарнага завода, заявіла, што тое, што яна там убачыла, пакінула след у яе свядомасці на ўсё жыццё.
«Уся зямля вакол завода на многія кіламетры была забруджаная – расліны, глеба, паверхневыя воды. Забруджаная рака Пахра, якая цячэ праз Падольск, завод зліваў туды адкіды. У выніку завод зачынілі, а ў апошнія гады робяцца спробы ачысціць зямлю ад шкодных рэчываў», – заявіла Страдальчанка.
«У наш горад прыйшла бяда, – дадала спецыялістка. – Не бывае бяспечных у экалагічным плане вытворчасцяў свінцовых акумулятараў».
Мітынг закончыўся прыняццем рэзалюцыі. Берасцейцы патрабуюць ад чыноўнікаў прызнаць парушаным права жыхароў горада пастанаўляць, ці можа быць пабудаваны завод, і змусіць да адказнасці чыноўнікаў, якія дазволілі будаўніцтва завода і вываз свінцовых адкідаў да пасёлка Зялёны Бор. Яны таксама патрабуюць абвесціць тэрыторыю каля Зялёнага Бору зонай экалагічнай катастрофы ў сувязі з тым, што туды вывезеныя адкіды са свінцовага завода. Таксама ў рэзалюцыі патрабуецца ўстанавіць кантроль над вывазам адкідаў акумулятарнай кампаніі.