Украінскаму палітвязню Грыбу ў РФ працягнулі арышт
- 29.04.2018, 21:31
Выкрадзенаму ў Беларусі украінцу працягнулі арышт на два месяцы.
Кастрычніцкі райсуд Краснадара ў Расеі падоўжыў тэрмін утрымання ў СІЗА 19-гадоваму ўкраінскаму палітвязню Паўлу Грыбу. Пра гэта паведаміў яго бацька Ігар Грыб, паведамляе Громадське.
Паводле паведамлення, арышт падоўжаны на два месяцы - да 4 ліпеня.
Са слоў яго бацькі, пасяджэнне суда адбылося ў закрытым рэжыме ў суботу, 28 красавіка.
Адзначаецца, што суддзя не пусціў на пасяджэнне ўкраінскага консула і маці Паўла Грыба. Асабістага спаткання з маці Паўлу таксама не дазволілі. Ігар Грыб удакладніў, што больш чым за 8 месяцаў знаходжання Паўла ў расейскім СІЗА, яму не далі ніводнага спаткання з маці.
Таксама яго бацька паведаміў, што за час знаходжання ў СІЗА ў яго сына значна пагоршыўся зрок.
У жніўні 2017 года 19-гадовага Паўла Грыба на тэрыторыі Беларусі выкралі спэцслужбы РФ, пасля чаго ўкраінца пераправілі ў СІЗА Краснадара. Расейскія ўлады абвінавачваюць яго «ў падрыхтоўцы тэракту на тэрыторыі РФ».