Слуцкі фельчар: Многія бабулі і дзядулі лекуюцца «праз тэлевізар»
- 3.04.2018, 14:57
Случчанка распавяла пра спецыфіку прафесіі.
Таццяне Кончыц 23 гады, па спецыяльнасці яна фельчар. Тры гады таму змяніла працу ў школьным медкабінеце на хуткую дапамогу. Яна распавяла «Кур’еру», што можа фельчар «хуткай», якія праблемы пацыенты ствараюць самі сабе і чаму не хоча працаваць там усё жыццё.
«Пасля заканчэння медкаледжа па размеркаванні трапіла ў школьны медкабінет, — распавяла Таццяна. — Я надавала медыцынскую дапамогу вучням і рабіла яшчэ процьму папяровай працы. Праз год мне надакучыла сядзець на адным месцы, захацелася рэальнай працы, калі надаеш дапамогу людзям, захацелася «экстрыму».
На «хуткай» працую больш за тры гады. Паўгода стажыравалася, потым даверылі самастойную працу.
Аб рэжыме працы
Маё дзяжурства пачынаецца а 8 раніцы і да 8 вечара і доўжыцца 12 гадзін. Працую паводле графіку: дзень-ноч, потым адпачываю, і выхадны. Мне зручна, шмат вольнага часу, а галоўнае — не трэба кожны дзень рана ўставаць.
На змену прыходжу за 30 хвілін да пачатку працы, каб пераапрануцца, праверыць інструментарый і абсталяванне.
Усе выклікі паступаюць дыспетчару. Яна вызначае, які з іх неадкладны, тэрміновы або экстраны, і размяркоўвае іх па брыгадах. За экстранныя ўважаюцца ўсе станы, якія пагражаюць жыццю, і здарэнні. Да тэрміновых належаць траўмы, крывацёкі, роды, значнае пагаршэнне стану здароўя.
За неадкладныя ўважаюцца выклікі пры абвастрэнні хранічных захворванняў, высокай тэмпературы, атручваннях, болях, неадэкватных паводзінах.
Наша брыгада надае неадкладную дапамогу. Мы працуем адным складам увесь час. За змену абслугоўваем ад 10 да 13 выклікаў. Максімальна — 15. Удзень і ў выхадныя напружаны рытм працы, уначы спакайней.
Выклікаюць у розных выпадках: ад парэзанага пальца да клінічнай смерці.
Чым можа дапамагчы хвораму фельчар
Фельчар павінен правільна ацаніць стан, сабраць анамнез, паставіць папярэдні дыягназ. Умець рабіць многае: вымераць ціск, перавязаць, накласці шыну, зрабіць укол у вену, паставіць кропельніцу. Пры неабходнасці — зрабіць і расшыфраваць ЭКГ, вымераць узровень цукру ў крыві. Можам і роды прыняць, калі трэба, толькі мне гэта рабіць пакуль не даводзілася.
Адчуваю адказнасць, калі прымаю пастанову, ці можа пацыент застацца дома або неабходная шпіталізацыя.
Былі ў мяне складаныя сітуацыі, калі жыццё чалавека залежала ад нашых хуткіх і пісьменных дзеянняў. Год таму прыехалі па выкліку: «падвышаны ціск». Калі зайшлі ў пакой, пажылая жанчына сядзела ў крэсле без прытомнасці, без ціску, без пульсу.
Хутка паклалі яе на падлогу, рабілі масаж сэрца, штучную вентыляцыю лёгкіх, уколы, адначасова выклікалі брыгаду інтэнсіўнай тэрапіі. Да іх прыезду у хворай з'явілася дыханне і сэрцабіцце. Гэта была наша перамога.
Што бывае, калі хворы лечыцца па ТБ
З цяжкасцямі даводзіцца сутыкацца ўвесь час, але часта іх ствараюць самі пацыенты.
Неяк мужчына з пераломам ногі не стаў чакаць на вуліцы, падняўся на пяты паверх, а назад спусціцца ўжо не змог. Бегалі па вуліцы, шукалі, хто дапаможа.
Наогул, згаджаюцца дапамагчы перанесці хворага прыкладна палова з тых, каго просім.
Цяжка бывае трапіць да пацыента ў прыватным сектары. Гаспадары чакаюць «хуткую», але не прывязваюць сабак, даводзіцца чакаць за парканам — гэта адымае час.
Многія бабулі і дзядулі лечацца «праз тэлевізар» або ўнукі ім знаходзяць «цуд-рэцэпты» ў інтэрнэце. Адна пенсіянерка лячылася травой, а яна выклікала ў яе атручванне. Іншая — для зніжэння ціску нейкім асаблівым спосабам выкручвала рукі, што справакавала гіпертанічны крыз.
Для мяне цяпер складана назваць, што самае цяжкае ў маёй працы. Напэўна, цяжэй за ўсё прывыкнуць да таго, што людзі думаюць толькі аб сабе і сваіх праблемах і часам не бачаць у медыках чалавека. Бывае, што чуем ад старонніх людзей негатыў. Мне здаецца, наша грамадства не прызвычаілася ставіцца да медработнікаў з павагай і падзякай.
Запамінаюцца выпадкі чалавечай спагадлівасці. Летась, калі наша машына зламалася ўначы па шляху ў горад, нам дапамог кіроўца, які праязджаў побач. Успамінаем яго з удзячнасцю.
Колькі можна зарабіць на «хуткай»
Мой заробак у сярэднім 400 рублёў за месяц. Падзарабіць можна, калі хтосьці з калегаў сыходзіць у адпачынак, на бальнічны. Або ў вольны час узяць дадатковую змену. Гэта павялічыць заробак прыкладна на 30 рублёў.
Надбаўкі бываюць за працу ў святочныя дні, за перапрацоўку працоўнага часу. Прэмію могуць даць за наданне дапамогі падчас цяжкага выкліку або за падзяку ад пацыента. Але, як і падпрацоўкі, яны не моцна прыкметныя ў заробку.
Калі жыць з бацькамі, не плаціць за жыллё і камунальныя паслугі, прадукты набываць часткова, то можна дазволіць сабе нейкія забавы, куплю ўбораў і касметыкі і нават адкласці суму на адпачынак.
Калі жыць асобна, то працаваць давядзецца на «камуналку» і прадукты. Ведаю, што большасць у нашым горадзе атрымлівае і меншы заробак, але ў вялікіх гарадах заробак у медыкаў большы.
Што думае аб прафесіі
Знаёмыя дзівяцца, калі даведаюцца, дзе працую. Сябры нават далі жартаўлівую мянушку «Рататуй» (ад слова «ратую», то бок, ратую людзей). Калі тэлефануюць і пытаюцца параду, па магчымасці стараюся дапамагчы.
Не магу сказаць адназначна, ці выбрала б такую прафесію, даведаўшыся пра ўсе яе тонкасці. Цяпер разумею, што, ратуючы іншых, работнікі хуткай дапамогі губяць сваё здароўе, таму наўрад ці змагу прапрацаваць тут да пенсіі».