На будаўніцтва новага будынка Вярхоўнага суда падкінулі вялікую суму
- 3.04.2018, 21:54
Увод новага будынка Вярхоўнага суда запланаваны да 7 лістапада.
Пастановай Савета міністраў №236 ад 29 сакавіка «ўстаноўлены тэрмін адпрацоўкі бюджэтных сродкаў», якiя пералiчваюцца на будаўніцтва новага будынка Вярхоўнага Суда ў межах праспекта Пераможцаў і вуліцы Арлоўскай, піша «Салiдарнасць».
«Будтрэсту №4», каб набыць нестандартных будаўнічых канструкцый і вырабаў з натуральнага каменя ўжо было выдадзена 1 млн 940 тысяч рублёў, і яшчэ вылучаецца 3 млн 800 тысяч. Адпрацаваць іх трэба на працягу шасці месяцаў з даты атрымання.
Раней паведамлялася, што ўвод новага будынка Вярхоўнага суда запланаваны да 7 лістапада гэтага года. Будаўніцтва непадалёк ад Палаца Незалежнасці пачалося ў кастрычніку 2016 года.
Год таму галоўны архітэктар праекта Уладзімір Архангельскі (УП «Менскпраект») распавядаў, што будынак будзе мець свае асаблівасці. Кабінетная сістэма будзе дапоўненая пакоямі адпачынку, холамі для чакання, памяшканнямі адмысловага прызначэння. Галоўны парадны хол аздобленыя натуральным каменем і ўпрыгожаць скульптурай Феміды.