У Іране забаранілі выкарыстанне Telegram
- 30.04.2018, 19:55
Мэсэнджарам карыстаецца кожны другі жыхар Ірана.
Суд у Іране забараніў выкарыстанне на тэрыторыі краіны мэсэнджара Telegram. Пра гэта ў панядзелак, 30 красавіка, паведаміў дзяржаўны тэлеканал Irib. Пастанова прынятая «з улікам разнастайных скаргаў на дадатак Telegram і зыходзячы з патрабаванняў органаў бяспекі ў супрацьдзеянні незаконнай дзейнасці» гэтага мэсэнджара, гаворыцца ў паведамленні, які выйшаў у эфір у панядзелак, 30 красавіка, паведамляе DW.
Раней урад Ірана забараніў выкарыстанне Telegram і іншых замежных мэсэнджараў дзяржаўнымі службоўцамі. У якасці замены ўлады ў Тэгеране прапанавалі карыстацца іранскім дадаткам Soroush. Паводле звестак Reuters, дадаткам, распрацаваным Паўлам Дуравым, карыстаюцца больш за 40 мільёнаў іранцаў. Колькасць насельніцтва Ірана складае блізу 80,2 мільёна чалавек.
Telegram забаронены ў шэрагу краін
Telegram забаронены ў некалькіх краінах, у тым ліку Кітаю, Саудаўскай Арабіі і Інданезіі. З 16 красавіка яго спрабуюць заблакаваць у Расеі за адмову кампаніі даць Федэральнай службе бяспекі (ФСБ) ключы для дэшыфроўкі перапіскі карыстальнікаў.
Раней стваральнік Telegram Павел Дураў заявіў, што мэсэнджар будзе «выкарыстоўваць убудаваныя метады абыходу блакаванняў, якія не патрабуюць дзеянняў карыстальнікаў». Заснавальнік Telegram паведаміў таксама пра намер падаць біткойн-гранты адміністратарам Proxy і VPN, якія дапамагаюць абыходзіць блакаванне мэсэнджара.