Bloomberg назваў магчымую колькасць расейцаў, што трапляюць пад санкцыі ЗША
- 5.04.2018, 21:34
Санкцыі, што ўводзяцца на гэтым тыдні, закрануць расейскіх алігархаў, сярод якіх ёсць людзі з блізкага атачэння Пуціна.
Як паведамляе агенцтва Bloomberg са спасылкай на крыніцу ў амерыканскай адміністрацыі, ЗША могуць увесці санкцыі супраць шасці-дзесяці «расейскіх алігархаў» у адказ на меркаванае ўмяшанне Масквы ў прэзідэнцкія выбары. З тым, колькі менавіта чалавек стануць фігурантамі санкцыйнага спісу, у адміністрацыі пакуль не вызначыліся, паведамляе РБК.
Крыніца Bloomberg таксама паведаміла, што прозвішчы тых, хто трапіць пад санкцыі, утрымліваюцца ў закрытай частцы так званага крамлёўскага дакладу, апублікаванага ў студзені. У адкрытай частцы «крамлёўскага дакладу», якую Міністэрства фінансаў ЗША апублікавала 30 студзеня былі названыя прозвішчы людзей, звязаныя з адміністрацыяй прэзідэнта Расеі, урадам, палітычнай і эканамічнай элітай краіны. Уключаных у яго 96 бізнэсоўцаў Мінфін назваў «алігархамі».
Пра тое, што на гэтым тыдні Дональд Трамп абвесціць санкцыі супраць грамадзян Расеі ў рамках закона «Аб супрацьдзеянні апанентам Амерыкі праз санкцыі» (CAASTSA), раней паведамілі Reuters і Fox News. Суразмоўцы агенцтва ва ўрадзе падкрэслілі, што санкцыі, якія ўводзяцца на гэтым тыдні, закрануць расейскіх алігархаў, сярод якіх ёсць людзі, блізкія да ўладных структур і з блізкага атачэння прэзідэнта Уладзіміра Пуціна. Газета Washington Post пры гэтым указала, што новых фігурантаў санкцый будзе не менш за шэсць.
Каментуючы інфармацыю пра магчымыя новыя санкцыі, прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў заявіў, што не згодны з фармулёўкай аб «алігархах». «Фразу «расейскія алігархі» лічым недарэчнай. Даўно прайшоў той час, калі ў Расеі былі алігархі, у Расеі няма алігархаў», - заявіў ён.
Вашынгтон 15 сакавіка ўвёў санкцыі супраць 19 расейцаў са «спісу Мюлера» - пералік асоб, якія, як упэўнены амерыканскія следчыя, спрабавалі паўплываць на вынікі прэзідэнцкіх выбараў у ЗША. Санкцыі былі ўведзеныя і супраць расейскіх арганізацый - пецярбургскага ТАА «Агенцтва інтэрнэт-даследаванняў» і звязаных з ім кампаній «Азимут», «Главсеть», «Медиасинтез», «Миксинфо», «Новинфо». Агенцтва інтэрнэт-даследаванняў («фабрыка троляў») фінансавалася прадпрымальнікам Яўгенам Прыгожыным.
Адначасова з увядзеннем санкцый у сакавіку Мінфін ЗША паведаміла пра планы пашырыць у будучыні гэтыя меры супраць расейскіх чыноўнікаў і алігархаў.