Эканаміст: Аслабленне расейскага рубля - рэч непрыемная для эканомікі Беларусі
- 9.04.2018, 21:43
Як на Беларусі адаб'ецца «чорны дзень» расейскай эканомікі?
У пятніцу 6 красавіка ЗША ўвялі новыя санкцыі ў дачыненні да асобных кампаній і грамадзян Расеі. Яны прадугледжваюць арышт актываў асоб, якія трапілі ў санкцыйны спіс, у Злучаных Штатах, а таксама забарону для амерыканскіх грамадзян і арганізацый на супрацоўніцтва з імі, нагадвае «Салiдарнасць».
У панядзелак 9 красавіка ў Расеі адчулі наступствы новых санкцый.
Багацце 50 найбагацейшых расейцаў скарацілася амаль на 12 мільярдаў даляраў на фоне падзення расейскага фондавага рынку праз новыя санкцыі ЗША. Пра гэта піша часопіс «Форбс», на сайце якога публікуецца табліца за апошнія дні.
За дзень капітал бізнэсоўца Алега Дзерыпаскі, які патрапіў у санкцыйны спіс, скараціўся больш чым на адзін мільярд даляраў. Амаль столькі ж страціў яго партнёр па «Нарыльскаму нікелю» Уладзімір Патанін, які пад абмежаванні не трапіў.
Буйныя фінансавыя страты праз абвал рынку панеслі Сулейман Керымаў, Леанід Міхельсон, Генадзь Цімчанка, Уладзімір Лісін, Раман Абрамовіч, Вагіт Алекпераў і Аляксей Мардашоў.
Іосуб: «Аслабленне расейскага рубля - рэч досыць непрыемная для беларускай эканомікі»
У Беларусі курс расейскага рубля рэзка знізіўся і дасягнуў гадавога мінімуму.
Старэйшы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб так пракаментаваў сітуацыю Onliner.by: «Гэта самыя дзейсныя і самыя жорсткія санкцыі з 2014 года, калі амерыканцы іх пачалі ўводзіць».
- Традыцыйна паслабленне расейскага рубля - рэч досыць непрыемная для беларускай эканомікі, улічваючы, што Расея - гэта асноўны рынак нашага экспарту (калі выключыць сыравінны экспарт калійных угнаенняў і нафтапрадуктаў). Зніжэнне расейскага рубля да беларускага робіць беларускія тавары даражэйшымі на расейскім рынку. І калі расейскі рубель з часам не адновіцца да беларускага, то гэта можа пагражаць зніжэннем экспарту ў Расею з усімі наступствамі, - сказаў Вадзім Іосуб.
- Увогуле, гэтая гісторыя надоўга. І падзенне расейскага рубля надоўга. Ён можа часткова адыграць падзенне, але наўрад ці ён адновіцца да ўзроўняў, якія былі ў сярэдзіне мінулага тыдня.
- Ці значыць гэта, што беларускі рубель будзе і далей моцна ўмацоўвацца да расейскага?
- Не, зусім не значыць. Для гэтага няма эканамічных прычын. Магчымае развіццё падзей - гэта паніжэнне беларускага рубля да даляра і еўра і выраўноўванне да расейскага рубля. Гэта трэнд на нейкую сярэднетэрміновую перспектыву. Сказаць, што будзе ў найбліжэйшыя некалькі дзён, даволі цяжка, - адказаў аналітык.