Менчукі шукаюць рэгістрацыю, каб уладкаваць дзяцей у гімназіі
- 1.05.2018, 16:01
Аб'явы такога кшталту можна знайсці на форумах у Інтэрнэце і на слупах у горадзе.
Здымак аб'явы на слупе апублікаваў у «Фэйсбуку» заснавальнік рэпетытарскага цэнтра «100 балаў» Яўген Лівянт, піша «Салідарнасць».
Аўтар аб'явы гатовы заплаціць 250 рублёў за часовую прапіску ў патрэбным раёне.
Карыстальнікі заўважылі на адным з форумаў прапанову аб рэгістрацыі ля плошчы Перамогі за 1000 рублёў.
Аўтары некаторых аб'яваў шыфруюцца: паказваюць адрасы для сталай рэгістрацыі. Калі разабрацца, трапляеш на сайт адной з менскіх гімназій, дзе паказаны раён, адкуль прымаюць дзяцей.
Як прагназуюць карыстальнікі «Фэйсбука», неўзабаве з'явяцца аб'явы: здам пакой на кароткі тэрмін, дом належыць да гімназіі нумар Х. «І ўсё згодна з законам, дамова ў РЦ, падатак за здачу».
Вось чым павярнулася ініцыятыва Міністэрства адукацыі, у адпаведнасці з якой дзяцей у гімназіі будуць браць адпаведна з прапіскай.
Нагадаем, з новага навучальнага года згодна з указам Лукашэнкі, набор у 5-я класы гімназій будзе ажыццяўляцца без правядзення ўступных выпрабаванняў.