BE RU EN

Парламент Каталоніі зноў не змог абраць кіраўніка ўрада

  • 12.05.2018, 21:55

Пятая спроба парламента Каталоніі абраць кіраўніка ўрада аўтаноміі не мела поспеху.

Дэпутат Кім Торэ на галасаванні, якое прайшло ў суботу, 12 траўня, не атрымаў галасоў абсалютнай большасці дэпутатаў, паведамляе DW.

Для абрання 55-гадоваму Торэ неабходна было заручыцца падтрымкай як мінімум 68 са 135 парламентарыяў, аднак яму не выстарчыла некалькіх галасоў. Зрэшты, дэпутат можа разлічваць на поспех у рамках другога пасяджэння парламента, якое адбудзецца ўжо ў панядзелак, 14 траўня. Для абрання ў якасці кіраўніка рэгіянальнага ўрада Каталоніі Торэ будзе дастаткова падтрымкі простай большасці дэпутатаў: гэта значыць, колькасць прагаласаваўшых "за" павінна перавысіць колькасць тых, хто прагаласаваў "супраць" без уліку тых, хто ўстрымаўся або не прысутнічаў на сходзе парламентарыяў.

Каталоніі трэба выбраць прэм'ера да 22 траўня

Калі да 22 траўня парламент Каталоніі не вызначыцца з кіраўніком урада, у рэгіёне пройдуць новыя выбары. Прыхільнікі незалежнасці асцерагаюцца, што ў такім выпадку яны страцяць большасць у парламенце.

Са снежня 2017 года каталонскі парламент ужо чатыры разы спрабаваў сфармаваць урад, але ўсе кандыдаты на пасаду прэм'ера знаходзяцца альбо ў зняволенні, альбо за межамі Гішпаніі і не могуць вярнуцца ў краіну праз крымінальны пераслед. Пасля шматлікіх няўдалых спроб заняць гэтую пасаду экс-кіраўнік рэгіянальнага ўрада Каталоніі Карлес Пучдэмон назваў сваім пераемнікам Кіма Торэ. Дэпутата падтрымалі партыя Пучдэмона "Разам за Каталонію", а таксама сепаратысты з партыі "Левыя рэспубліканцы Каталоніі".

Карлес Пучдэмон быў зняты з прэм'ерскай пасады пасля скандальнага рэферэндуму аб незалежнасці Каталоніі. Пасля гэтага ён уцёк у Бэльгію. 25 сакавіка Пучдэмон быў затрыманы ў Нямеччыне, але неўзабаве адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе. Найбліжэйшым часам нямецкі суд павінен разгледзець, ці выдаваць Пучдэмона Гішпаніі.

Апошнія навіны