Жыхары Смаргоні пратэстуюць супраць заводу «Кранаспан»
- 18.05.2018, 21:22
Завод «Кранаспан» зноў плануе пашырэнне вытворчасці ў Смаргоні.
З 20 красавіка 2018 года да 19 траўня 2018 года Смаргонскім раённым выканаўчым камітэтам праводзяцца грамадскія абмеркаванні справаздачы пра ацэнку ўздзеяння на навакольнае асяроддзе аб'ектаў «Будаўніцтва аўтатранспартнага прапускнога пункта і стаянкі для велікагрузных транспартных сродкаў, лініі ламініраваных падлогавых пакрыццяў №5, лесапільнага ўчастка ЗТАА «Кранаспан», «Будаўніцтва аўтатранспартнага ўчастка, драбільнай устаноўкі для вытворчасці дранкі ТАА «Кранаспан НТ», «Будаўніцтва цэха вытворчасці шпону і фанеры ТАА «Ультра Пла», Гарадзенская вобл., г. Смаргонь», паведамляе greenbelarus.info.
Мясцовыя жыхары ўжо не першы год скардзяцца на непрыемны смурод, шум ад ужо дзейнай вытворчасці, а таксама на выкіды ад прадпрыемства. Са слоў мясцовых жыхароў можна візуальна назіраць дым розных колераў, а таксама пастаянны пыл, ляжыць на вокнах дамоў, і задушлівы смурод.
З 2012 да 2016 год кампанія «Кранаспан» пабудавала 5 буйных вытворчых ліній у Магілёве і Смаргоні па вырабе ДСП, ламінаваных ДСП, МДФ, імпрэгнаванай паперы, падлогавых пакрыццяў. Мясцовыя жыхары Магілёва і Смаргоні вельмі негатыўна настроены да дзейнасці прадпрыемстваў і да адсутнасці належнай увагі з боку завода да забеспячэння мінімізацыі шкоды для навакольнага асяроддзя і здароўя насельніцтва.
16 траўня ў Смаргоні адбыўся сход па абмеркаванні справаздачы аб АУНА планаванага пашырэння дзейнасці завода Кранаспан. Жыхары вельмі актыўна выступалі супраць далейшага пашырэння, адзначаючы, што дзейнасць ужо негатыўна адбіваецца на іх здароўі.
Экспэрты Грамадскага аб'яднання «Экадом» адзначаюць, што прадстаўленая на грамадскае абмеркаванне справаздача аб АУНА, змяшчае занадта шмат агульнай інфармацыі, а таксама не тлумачыць, як менавіта будзе ўплываць пашырэнне вытворчасці на навакольнае асяроддзе і здароўе мясцовага насельніцтва, асабліва, з улікам ужо існуючай вытворчасці і яго выкідамі.
У тым ліку, у справаздачы аб АУНА:
Пад будаўніцтва мяркуецца вывядзенне з ляснога фонду пад высечку 30 га лесу, без належнага абследавання, у той час, як за тры кіламетры размешчаны заказнік «Блакітныя азёры», у якім знаходзяцца чырванакніжныя віды раслін. Гэта інфармацыя ў справаздачы аб АУНА не пададзеная. Таксама не было праведзенае абследаванне стану жывёльнага свету на ўчастку ляснога фонду, які адводзіцца пад будаўніцтва.
Беспадстаўна занядбалі разглядам альтэрнатыўных варыянтаў тэхналагічных развязанняў. Заява, што на прадпрыемстве выкарыстоўваюцца перадавыя вытворчыя тэхналогіі нічым не падмацаваная. Выснова, што абсталяванне, якое плануецца ўсталяваць, адпавядае найлепшым даступным тэхналогіях нічым не пацверджаная.
З улікам таго, што прадпрыемства размешчанае ў межах прыродных тэрыторый, якія падлягаюць спецыяльнай ахове, не выканана параўнанне разліковых канцэнтрацый забруджвальных рэчываў у атмасферным паветры з экалагічна бяспечнымі канцэнтрацыямі.
Мясцовых жыхароў асабліва турбуе ўжо існы стан атмасфернага паветра з улікам непасрэдна ўжо дзейнага прадпрыемства. І застаецца незразумелым, якое будзе сумарнае ўздзеянне вытворчасці пры пашырэнні.
Прадпрыемства ў Смаргоні дзейнічае з 2012 года, з ужо не першым пашырэннем дзейнасці. Мясцовыя жыхары ўжо не раз назіралі белую пену на рацэ і адзначалі ўсё большае з'яўленне спецыфічнага смуроду і выкідаў.
У перыяд 2015-2016 гг Кранаспан 25 разоў прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці.
У 2016 годзе паводле вынікаў праведзеных кантрольных мерапрыемстваў Гарадзенскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя уключыў Кранаспан у «чорны спіс» арганізацый, якія парушылі заканадаўства аб ахове навакольнага асяроддзя».
У 2016 годзе інспектары знайшлі ўрэзку ў ліўнёвую каналізацыю. Праз яе прадпрыемства скідвала ў калектар сцёкавыя воды, якія па трубаправодах паступалі у сажалкі-адстойнікі агрэгатнага завода, а затым - у раку.
У 2017 годзе пры чарговым пашырэнні дзейнасці эколагі і актывісты выказвалі сваю занепакоенасць, што новая вытворчасць прывядзе да негатыўных наступстваў для навакольнага асяроддзя і здароўя ўсяго насельніцтва краіны.
Нягледзячы на гэта, завод далей мае намер пашыраць дзейнасць, а жыхары Смаргоні выступаюць катэгарычна супраць пашырэння Кранаспан без развязанняў ужо існых праблем.