ЕГУ ў Вільні пераехаў у новы будынак
- 3.05.2018, 21:40
Сёння адбылося ўрачыстае адкрыццё.
У дзень Канстытуцыі Рэчы Паспалітай 3 траўня Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (ЕГУ) пачаў працу ў новым корпусе — у былым Аўгустынскім кляштары ў Старым горадзе Вільні, паведамляе «Радыё Свабода».
Як сцвярджаецца ў прэс-рэлізе, на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця корпусу да калектыву ЕГУ з віншавальным словам звярнуліся прадстаўнікі ўраду Літвы і сябры ўніверсітэту.
У межах святочных мерапрыемстваў з вітальным словам да супольнасці і сяброў універсітэту звярнуўся рэктар ЕГУ прафесар Сяргей Ігнатаў. Таксама перад гасцямі цырымоніі выступілі віцэ-міністр асветы і навукі Літвы доктар Гедрус Вілюнас і віцэ-міністар замежных спраў Дарус Скусявічус.
Айцец Андрэй Квяцінскі OFM з віленскай парафіі св. Барталамея ў Зарэччы асвяціў новы корпус універсітэту.
«Вельмі сімвалічна, што менавіта ў год свайго 25-га юбілею ЕГУ знайшоў новы дом у Вільні. Магчымасць сумеснай працы супольнасці ЕГУ ў выдатным будынку Аўгустынскага кляштару надае працэсу навучання і навуковай дзейнасці яшчэ большую каштоўнасць. Мы ўдзячныя Літве за стабільную падтрымку на працягу ўсіх год працы ў Вільні», — адзначыў старшыня Кіроўнай Рады ЕГУ Пэр Карлсэн.
Пасля 12 гадоў працы ў Менску ЕГУ быў вымушаны пакінуць Беларусь і працягнуць сваю працу ў Вільні, што стала магчымым дзякуючы падтрымцы Літвы і Еўрапейскага Звязу. За ўсе гады свайго існавання ўніверсітэт скончыла 3044 выпускнікі. Большасць з іх жывуць і працуюць у Беларусі.
З восені 2005 году ЕГУ дзяліў навучальны корпус з універсітэтам Міколаса Ромэрыса. У кастрычніку 2017 году ўрад Літвы прыняў пастанову аб перадачы былога Аўгустынскага кляштару для патрэб універсітэту.