Кіраўніка МЗС Грэцыі абвінавачваюць у дзяржаўнай здрадзе
- 31.05.2018, 21:15
Нікаса Кацыаса абвінавацілі ў дзяржаўнай здрадзе падчас перамоў аб змяненні назвы Македоніі.
Грэцкая Федэрацыя македонскіх культурных асацыяцый падала ў суд на міністра замежных спраў Грэцыі Нікаса Кацыаса і абвінаваціла яго ў дзяржаўнай здрадзе ў сувязі з яго перамовамі з Рэспублікай Македонія аб замене яе назвы.
Пра гэта піша eurointegration.com са спасылкай на Еkathimerini.
Пададзены ў суд горада Сарэс на поўначы Грэцыі пазоў выказвае пачуцці "гневу" і "здрады" з нагоды таго, што "спадар Кацыас аддаў наша імя".
Такі крок зроблены ў адказ на паведамленні аб тым, што найбольш магчымай назвай Македоніі, якая дазволіць развязаць спрэчку з Грэцыяй і разблакаваць ўступленне краіны ў NАТО, з'яўляецца Рэспубліка Паўночная Македонія. Арганізацыя выступае супраць якіх-кольвек згадак назвы "Македонія" пасля перайменавання дзяржавы.
"Мы, карэнныя, праўдзівыя македонцы змушаныя звярнуцца да суду ў пошуках абароны ад гістарычна невуцкай і патэнцыйна небяспечнай здачы суседняй дзяржаве славяна-албанцаў", - гаворыцца ў скарзе.
"Нам сорамна, што міністр замежных спраў Грэцыі Нікалас Кацыас, прызначаны для перамоваў з суседняй краінай, праявіў непавагу да барацьбы нашых продкаў, якія ўпарта дзейнічалі, каб захаваць "грэцкасць" Македоніі, і паставіў пад пагрозу мір ва ўсім Балканскім рэгіёне", - адзначаюць пазоўнікі.
Афіны мяркуюць, што назва Македонія з'яўляецца ўзурпацыяй назвы яе гістарычнай правінцыі, у сувязі з гэтым яны блакуюць ўступленне Македоніі ў NАТО і яе перамовы аб далучэнні да ЕЗ.
Прэм'ер Македоніі абяцае вынесці на рэферэндум усялякую новую назву сваёй краіны, якая будзе ўзгодненая з суседняй Грэцыяй.