Мянчанка стала чэмпіёнкай Еўропы ў бодзіфітнэсе
- 6.05.2018, 20:34
Аксана Юхно прыйшла ў бодзіфітнэс нядаўна.
Мянчанка Аксана Юхно заваявала залаты медаль у катэгорыі больш як 168 см (бодзіфітнэс) у жанчын на чэмпіянаце Еўропы ў бодзібілдынгу і фітнэсу ў гішпанскім горадзе Санта-Сусана, паведамляе агенцтва «Менск-Навіны».
Другое і трэцяе месцы занялі адпаведна ўкраінка Таццяна Баханава і Хенрыка Кемпінен з Фінляндыі.
Аксана не раз станавілася прызёркай рэспубліканскіх спаборніцтваў, спрабавала сілы на міжнародных. Перамагла, нарэшце, у чэмпіянаце краіны, які праходзіў у красавіку, і да цяперашняга старту здолела падысці ў аптымальнай форме.
– Наша суайчынніца вельмі эфектна выглядала на подыуме нават у параўнанні з яшчэ амаль тузінам спаборніцаў, – падкрэслівае суддзя міжнароднай катэгорыі Наталля Качан. – У яе добры рост – 174 см, ні грама лішняй вагі, вытанчаная постаць, добра развітая, але ў меру рэльефная мускулатура, што важна ў бодзіфітнэсе, яна мілавідная і абаяльная. Безумоўна, Аксана перамагла заслужана. Мы ўсе за яе рады.
Юхно прыйшла ў гэты від спорту параўнальна нядаўна. Да таго сур'ёзна займалася плаваннем. У Менск дзяўчына пераехала з Гомеля. У цяперашні час Аксана працуе ў службе бяспекі аднаго са сталічных фітнэс-цэнтраў. Тут новаспечаная чэмпіёнка Еўропы ў асноўным і трэніруецца. Вядома, у вольны час. Марыць цяпер скарыць планетарны подыум.
Варта адзначыць, што на змаганні ў Санта-Сусане нядрэнна заявіў пра сябе яшчэ адзін мянчук – чэмпіён Беларусі Сяргей Агуновіч. Ён заняў у катэгорыі больш як 100 кг у бодзібілдынгу пятае месца. Усяго ў турніры ўдзельнічалі блізу 1300 атлетаў з 45 краінаў.