BE RU EN

«Маці 328»: У нас ёсць сілы змагацца

  • 6.05.2018, 21:12

Актывісткі руху «Маці 328» галадаюць ужо 10-ы дзень.

10-ы дзень у Беларусі галадаюць актывісткі руху «Маці 328», якія дамагаюцца лібералізацыі антынаркатычнага артыкула 328 Крымінальнага кодэкса, а таксама перагляду справаў сваякоў і сустрэчы з Лукашэнкам. «Радыё Свабода» высвятляла, што адбываецца з галадоўніцамі сёння, 6 траўня.

Пухавіцкі раён, вёска Востраў

Лідарка руху Ларыса Жыгар апавяла пра сітуацыю ў лагеры галадоўніцаў у Пухавіцкім раёне:

«Тут нас галадае, як і ўчора, 7 чалавек, але ўжо вельмі цяжка і заўтра нас, напэўна, стане менш. Людміла Кулініч выйдзе з галадавання і з'едзе дадому, магчыма, яшчэ і Наталля Старавойт. Ёй ужо было дрэнна, траціла прытомнасць, будзем для яе выклікаць хуткую і думаць, што рабіць. Астатнія трымаюцца і не саступаюць».

ЛАРЫСА ЖЫГАР

Паводле словаў Ларысы Жыгар, штодня ў лагер прыязджаюць актывісткі руху «Маці 328», каб маральна падтрымаць галадоўніцаў.

«Вось і цяпер у нас госці. Сказалі, што 7 траўня яны збіраюцца аднесці ў адміністрацыю зварот з пытаннямі, што робяць улады, каб выканаць нашы патрабаванні», – апавяла Ларыса Жыгар.

Паводле словаў Ларысы Жыгар, да акцыі маюць намер далучыцца актывісткі ў Гародні, але колькі канкрэтна возьмуць удзел у галадаванні, яна пакуль не ведае.

Калінкавічы

6 жанчынаў прадаўжаюць галадаць і ў Калінкавічах. Пра стан здароўя апавяла Таццяна Канеўская:

«З нас ніхто раней не галадаў, не ведалі, што гэта такое. Высветлілася, горш, чым маглі ўявіць. На 10-ы дзень рэальна цяжка: слабасць, апатыя. У нас быў лекар і параілі дадаваць у ваду трохі мёду і яблычнага воцату, то мы пачалі піць такую ваду, стала лягчэй. Але зразумела, што далей лепш не будзе. Трымаемся».

Галадоўніцы ў Калінкавічах

Паводле словаў Таццяны Канеўскай, цяпер галадоўніцы ў Калінкавічах вызначылі для сябе мяжу – дачакацца адказу кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Наталлі Кaчанавай.

Ліяна Шуба апавяла пра тое, як галадоўніцы ў Калінкавічах бавяць час.

«Адзін добры чалавек зрабіў тут тэлевізар, дык вось жанчыны глядзяць фільм, першы, на які трапілі – “Каліна чырвоная”. Гэта блізка да нашай тэматыкі, сумнай, турэмнай. Але я не гляджу, вось пішу ліст сыну ў калонію».

Паводле словаў Ліяны Шубы, ейны сын, які сядзіць у калоніі «Ваўчыныя норы» пад Івацэвічамі, ужо ведае пра галадаванне маці.

«Яго і сябра выклікалі на размову ў адміністрацыю з нагоды нашага галадавання, прычым не да сваіх міліцыянтаў, а хтосьці прыязджаў да іх. Але пра ціск дзеці не казалі. Мы адразу папярэджвалі, каб праз дзяцей на нас не ціснулі, гэта было б залішне», – сказала Шуба.

Актывісткі «Маці 328» працуюць над зваротам у Вярхоўны суд і пракуратуру Беларусі. Ідэя – заклікаць правесці пазачарговы пленум Вярхоўнага суда, на якім разгледзелі б практыку ўжывання артыкула 328.

«Гэта можа дапамагчы зніжэнню тэрмінаў і ў нашых справах, бо змены, якія пакуль прапануюцца для карэктавання дзейнага артыкуле 328, будуць тычыцца толькі новых справаў, а нам гэтага недастаткова», – мяркуе Шуба.

Віцебск

У Віцебску чацвёрты дзень трымае галадаванне Наталля Шарыпa. Жанчына апынулася адзінай у горадзе, хто адважыўся на такую акцыю пратэсту.

«Усіх так запалохалі, што нават не тэлефануюць», – паведаміла Наталля пра сябровак, якія раней не выключалі, што далучацца да галадавання.

Заўтра Наталля збіраецца спыніць галадоўку, бо запланавала выхад у горад і наведванне шэрагу ўстановаў.

Натальля Шарыпа

«Пайду ў КДБ, у аблвыканкам, да памочніка Лукашэнкі і ў тэлефонную кампанію МТС, што абслугоўвае мой мабільнік. Хачу іх спытаць, на якой падставе праслухоўваюць мой тэлефон – хіба я нейкая злачынца?» – абураецца Наталля Шарыпа.

Пра стан здароўя актывістка сказала: «Слабасць ёсць, так, але ёсць і сілы змагацца».

Апошнія навіны