BE RU EN

Лідар System of a Down прыехаў у Ерэван падтрымаць пратэстоўцаў

  • 7.05.2018, 21:29

У аэрапорце Сержа Танкяна сустрэў лідар апазіцыі Нікол Пашынян.

Саліст амерыканскага рок-гурту System of a Down Серж Танкян прыехаў у Ерэван, каб падтрымаць пратэстоўцаў у краіне. У аэрапорце «Звартноц» яго сустрэў лідар апазіцыі Нікол Пашынян, паведамляе выданне «Новости Армении».

Паводле звестак выдання, музыка разам з Пашынянам адправіцца на Плошчу Рэспублікі Ерэвана, дзе павінен адбыцца мітынг.

Танкян не раз выказваўся ў падтрымку пратэстнага руху. 23 красавіка, у дзень адстаўкі былога прэзідэнта Арменіі Сержа Саргсяна з пасады прэм'ер-міністра, музыка апублікаваў фатаграфію з акцый у сваім інстаграме.

«Сёння незвычайны дзень для таго, каб адсвяткаваць перамогу справядлівасці. Армяне, выкарыстоўваючы грамадзянскае непадпарадкаванне і свае галасы, прымусілі прэм'ер-міністра Сержа Саргсяна сысці ў адстаўку. Вядома, шмат што трэба яшчэ зрабіць, бо ў краіне павінны прайсці рэформы, каб людзі зразумелі, што гэта сапраўдная перамога, а не сімвалічная. Але цяпер я проста хачу сказаць, як моцна я ганаруся маладымі людзьмі на вуліцах, якія зрабілі ўсё для таго, каб гэта (адстаўка - заўв.) адбылася», - напісаў Танкян.

Акцыі пратэсту ў Арменіі праходзяць з 13 красавіка. Спачатку мітынгоўцы патрабавалі адстаўкі Саргсяна з пасады прэм'ер-міністра. Калі ён выканаў гэтае патрабаванне, удзельнікі пратэстаў пачалі дамагацца сыходу ад улады Рэспубліканскай партыі.

3 траўня Пашыняна вылучылі на пасаду прэм'ер-міністра Арменіі. Раней яго кандыдатуру адхілілі, пасля чаго лідар армянскай апазіцыі заклікаў сваіх прыхільнікаў да татальнага страйку.

Апошнія навіны