Міліцыя склала пратаколы на двух абаронцаў Курапатаў
- 10.06.2018, 21:07
Пратаколы былі складзеныя на актывістаў Дзяніса Урбановіча і Наталлю Гарачку.
10 чэрвеня міліцыя склала чарговыя пратаколы на ўдзельнікаў акцыі супраць стварэння ля Курапатаў забаўляльнага цэнтра «Паедзем паядзім».
Як паведаміў tut.by са спасылкай на БелаПАН сустаршыня аргкамітэта ў стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец, пратаколы за перашкоду праезду транспарту на тэрыторыю комплексу складзеныя на актывістаў Дзяніса Урбановіча і Наталлю Гарачку.
Сёння таксама, як паведаміў Севярынец, каля комплексу выступіў з песнямі бард Зміцер Захарэвіч.
З 11 чэрвеня актывісты плануюць дзяжурыць каля забаўляльнага комплексу з 12 да 24 гадзін, знаходзячыся там бесперапынку ў заяўлены час яго працы.
Акцыі супраць адкрыцця забаўляльнага комплексу каля Курапатаў доўжацца з 31 траўня.
8 чэрвеня на актывістку Вольгу Нікалайчык другі дзень запар былі складзеныя пратаколы паводле артыкулаў 23.34 КоАП (арганізацыя несанкцыянаванай акцыі) і 17.1 КоАП (дробнае хуліганства). Таксама быў затрыманы і адпушчаны пасля складання двух пратаколаў актывіст Дзяніс Урбановіч.
7 чэрвеня ў дачыненні да Севярынца склалі чатыры пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях: за арганізацыю несанкцыянаванай акцыі ля Курапатаў, за непадпарадкаванне патрабаванням міліцыі, за дробнае хуліганства і за перашкоды ў працы грамадскай установы.
Нагадаем, 6 чэрвеня адбылося адкрыццё «Паедзем паядзім». Час працы - з 12.00 да 24.00, у пятніцу і суботу - да 2-й гадзіны ночы.
Акцыі пратэсту ў Курапатах праходзяць з мінулага тыдня, калі было анансавана адкрыццё ўстановы. Але адкрыццё 1 чэрвеня не адбылося. Крыху больш за дзясятак актывістаў наладзілі тут акцыю пратэсту і павесілі на плоце лозунг «Не кабак, а музей». А 3 чэрвеня ва ўрочышчы правялі ўзгоднены мітынг-рэквіем, прысвечаны 30-й гадавіне адкрыцця Курапатаў.