BE RU EN

Як Джанлуіджы Буфон зняўся ў роліку World of Tanks

  • 2.06.2018, 20:12

Беларуская кампанія Wargaming нядаўна асвяжыла культавую онлайн-гульню італійскімі танкамі.

Дадалася новая механіка і шмат іншых цікавых дэталяў для геймераў, піша «Трибуна» .

Прасоўваць абнаўленне запрасілі не каго-небудзь, а знакамітага італійскага брамніка Джанлуіджы Буфона, які днямі закончыў выступ за «Ювентус». Цяпер гульцы могуць рабіць Буфона камандзірам танка і атрымліваць ад яго гукавыя паведамленні падчас бітваў.

Акрамя гэтага, Wargaming зняў з удзелам Буфона рэкламны ролік, рэжысёрам якога cтаў даніец Крысціян Лінгбі. Крысціян тройчы перамагаў на фэсце «Канскія львы». Вось адзін з ягоных самых файных ролікаў, у якім зняўся знакаміты трэнер «Асэра» Гі Ру. А яшчэ Лінгбі здымаў шмат рэкламы, якую круцілі на тэлевізіі. Да прыкладу, ролікі для Mazda, цыгарэт Camel, шампуняў Schauma, Pantene, Head&Shoulders.

Сюжэт 37-секунднага прома вельмі просты. Брамнік скача ў старэнькую Lancia Delta, прыязджае ў кавярню, садзіцца за столік і пачынае секчыся ў «танчыкі».

Дырэктарка ў развіцці бізнэсу кампаніі Wargaming Наталля Асіповіч распавяла, што ідэя зняць такі ролік з'явілася ў канцы мінулага года, калі каманда World of Tanks складала планы на 2018-ы.

- Мы абмяркоўвалі новыя нацыі ў гульні сярод іх і італійскія танкі. І, вядома ж, усім хацелася пазнаёміць гульцоў з гэтай нацыяй якім-небудзь незвычайным спосабам, у цікавым фармаце. Напрыклад, каб яе прэзентаваў знакавы для краіны і вядомы ва ўсім свеце чалавек. Таму ідэя запрасіць Джанлуіджы Буфона паўстала адразу. Чаму?

Італія любіць футбол, нашы гульцы - таксама! І Буфон займае асаблівае месца ў сэрцах заўзятараў ва ўсім свеце. Людзі выраслі на ягоных матчах. Мы перагледзелі вялікую колькасць відэа з ягонымі гульнямі, і, думаю, шмат хто ведае, што браму сваёй каманды Джанлуіджы абараняе як танк. Прабіць Буфона вельмі цяжка!

Перамовы і падпісанне кантракту з брамнікам доўжыліся блізу месяца. Здымкі відэа ў Італіі склалі 14 гадзін. Раней Буфон ніколі не супрацоўнічаў з вытворцамі відэагульняў, але, як кажа Наталля Асіповіч, праца з World of Tanks футбаліста вельмі захапіла - яму самому было вельмі цікава. Буфон удзельнічаў у зацвярджэнні ўсіх матэрыялаў, задаваў шмат пытанняў аб танках і асабіста ўзгадніў свой партрэт камандзіра ў гульні.

- Асобна распавяду пра працэс запісу Буфонам агучвання танкавага экіпажа, - працягвае Наталля. - Практычна ўсе фразы запісалі з першага дубля! Калі мы абмяркоўвалі падчас запісу тэксты, здымкі відэа і іншае, Джыджы проста сказаў: «Хлопцы, гэта не пытанне часу - будзем працаваць, пакуль усё не будзе зроблена па вышэйшым разрадзе. Так, каб гульцам спадабалася.

Буфон вельмі просты і неверагодна прыемны ў камунікацыі чалавек, абсалютны прафесіянал ва ўсім, што робіць. Пакуль мы здымалі ў кавярні, да ўваходу набеглі дзеткі з усёй акругі. Ды што там казаць: іх таты і мамы таксама былі непадалёк. У перапынку Джыджы проста выйшаў з імі пабалакаць і сфатаграфавацца з хлапчукамі».

Супрацоўніцтва кампаніі Wargaming і Джанлуіджы яшчэ не закончанае. Наталля Асіповіч кажа, што для геймераў падрыхтавана некалькі сюрпрызаў, пра якія яна пакуль не хоча распаўсюджвацца. Уся інфармацыя з'явіцца на сайце кампаніі.

А цяпер трохі бэкстэйджа.

ФОТА: WARGAMING

Джыджы і яго дублёр.

ФОТА: WARGAMING
ФОТА: WARGAMING
ФОТА: WARGAMING

Разам з рэжысёрам Крысціянам Лінгбю.

ФОТА: WARGAMING
ФОТА: FACEBOOK.COM/GIANLUIGIBUFFON

Апошнія навіны