Колькі каштавала адзецца да лета пяць гадоў таму і сёння
- 2.06.2018, 20:34
Першае адчуванне ад коштаў на рынку - дорага.
Колькі каштавацьме сям'і з дзіцем мінімальна абнавіць гардэроб да лета ў Баранавічах і як змяніліся цэннікі на адзенне і абутак за апошнія пяць гадоў, падлічыла Intex-press.
Адзець традыцыйна журналісты надумалі сям'ю з трох чалавек, у якой тата зарабляе сярэдні заробак у горадзе (у сакавіку ён склаў 793,3 рубля), а мама атрымлівае дапамогу з прычыны догляду дзіцяці да трох гадоў - 312,03 рубля. Па закупы адпраўляемся на рынак.
Мужчынскія кашулі падаражэлі ўдвая
Першае адчуванне ад коштаў на рынку - дорага. Асабліва на фоне інтэрнэт-крам, якія за апошнюю пяцігодку выкруціліся і часта песцяць пакупнікоў добрымі зніжкамі.
Узяць тыя ж джынсы. У інтэрнэце на зніжках можна купіць модныя брэндавыя мадэлі за 30-40 рублёў. На рынку цэннікі на джынсы невядомай вытворчасці і якасці, але моднага фасону спыніўся недзе ля 65 рублёў. Калі параўноўваць з коштамі пяцігадовай даўніны, джынсы падаражэлі ў паўтара раза.
«Новыя» мадэлі купальнікаў, якія на неспрактыкаваны погляд нічым не адрозніваюцца ад «старых», прапануюць па 40 рублёў за камплект. Можна знайсці і больш танныя варыянты - за 30 рублёў. Праўда, вісяць гэтыя купальнікі, мяркуючы з вонкавага выгляду, не адзін сезон.
Уразілі кошты мужчынскіх кашуль і дзіцячыя футболкі, якія за пяць гадоў выраслі ў два-тры разы.
А вось кошты жаночых і мужчынскіх футболак амаль не змяніліся. Нечакана нізкімі былі і цэннікі на жаночы штучны абутак. На рынку з лёгкасцю можна купіць басаножкі на нізкім хаду за 20 рублёў. Не апошні «піск», але на кожны дзень цалкам прымальна.
Купіць мага больш
За пяць гадоў адбылося некалькі змен. Па-першае, курс даляра вырас амаль у 2,5 разы, а кошты ў далярах, наадварот, упалі. Па-другое, дзіцячыя дапамогі прывязалі да сярэдняга заробку ў краіне (замест бюджэту пражытковага мінімуму), у выніку дапамогі нават у пераразліку на даляры выраслі амаль удвая. А гэта значыць, што дзіцячых рэчаў у дапамогу «змяшчаецца» больш. Нават нягледзячы на інфляцыю. Ну, і па-трэцяе, сярэдні заробак за пяць гадоў у далярах страціў: калі ў 2013 годзе ён быў амаль 540 даляраў у эквіваленце, то сёння блізу 400.
Адно засталося нязменным. І сёння, і пяць гадоў таму аднаго сярэдняга заробку з гакам стае на тое, каб мінімальна адзець сям'ю да лета. Пытанне толькі, хто такі заробак сёння рэальна атрымлівае.