Cаудаўская Арабія пагражае Катару вайной у выпадку закупкі расейскіх С-400
- 2.06.2018, 20:40
Эр-Рыяд гатовы прыняць захады аж да вайсковых дзеянняў.
Пра гэта паведамляе "Нямецкая хваля".
Эр-Рыяд выказаў заклапочанасць перамовамі Масквы і Дохі. Раней аб намеры набыць расейскія ЗРК заяўляў амбасадар Катара ў Маскве Фахд Аль-Атый. Саудаўская Арабія гатова прыняць "усе неабходныя захады", каб не дапусціць размяшчэння комплексаў – сярод іх "вайсковыя дзеянні", сцвярджае газета Le Monde са спасылкай на ліст Эр-Рыяда, накіраваны прэзідэнту Францыі Эманюэль Макрону.
У 2017 годзе Катар падпісаў мемарандум з Вялікабрытаніяй аб закупцы 24 шматмэтавых знішчальнікаў Typhoon. Акрамя таго, Доха дамовілася з Парыжам аб шэрагу супольных праектаў у галіне абароны і інфраструктуры.
Дыпламатычны крызіс
У чэрвені 2017 года Саудаўская Арабія, ААЭ, Егіпет і Бахрэйн разарвалі дыпламатычныя стасункі з Катарам і абвясцілі блакаду эмірата, абвінаваціўшы яго ў падтрымцы тэрарызму. На адрас краіны быў выстаўлены спіс патрабаванняў з 13 пунктаў. У тым ліку - закрыццё тэлеканала "Аль-Джазіра" і турэцкай вайсковай базы, разрыў дыпламатычных стасункаў з Іранам і прыпыненне фінансавання тэрарыстычных груп. У Досе ўважаюць абвінавачванні з боку чатырох дзяржаў за неабгрунтаваныя.