Трамп мае намер запытаць больш сродкаў на сцяну на мяжы з Мексікай
- 26.06.2018, 21:21
Ці ўхваліць Кангрэс запыт прэзідэнта ЗША?
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што плануе запытаць у кангрэса павелічэнне фінансавання на будаўніцтва сцяны на мяжы з Мексікай. Пра гэта паведамляе РБК са спасылкай на CNBC.
Узвядзенне сцяны на амерыкана-мексіканскай мяжы было адным з перадвыбарных абяцанняў Трампа. У сярэдзіне траўня амерыканскі прэзідэнт заклікаў сенатараў не сыходзіць у адпачынак да зацвярджэння бюджэту на фінансавы год, які пачнецца 1 кастрычніка. З ягоных слоў, у бюджэт неабходна ўключыць выдаткі на пабудову сцяны на мяжы з Мексікай і забеспячэнне бяспекі межаў краіны.
У красавіку вайскоўцы Нацгвардыі ЗША накіраваліся на мяжу з Мексікай на пастанову Трампа. Прэзідэнт заявіў, што аховай мяжы зоймуцца ад 2 да 4 тысяч нацгвардэйцаў. Улады размешчанага на мяжы з Мексікай амерыканскага штата Тэхас тады ж заявілі пра планы павялічыць колькасць нацгвардэйцаў у рэгіёне да больш за 1 тысячу чалавек.
У студзені Трамп заявіў, што Мексіка ўзначальвае спіс «самых небяспечных краін у свеце». «Нам патрэбна сцяна для спакою і бяспекі нашай краіны. Нам патрэбна сцяна, каб спыніць магутны прыток наркотыкаў з Мексікі», - адзначаў амерыканскі прэзідэнт. Тады ж ён запытаў у кангрэса $18 млрд на ўзвядзенне сцяны.