Прэм'ер Даніі: Мы павінны і надалей ціснуць на Расею
- 26.06.2018, 22:01
Лека Расмусэн упэўнены, што ЕЗ працягне санкцыі супраць Расеі.
Прэм'ер-міністр Даніі Ларс Лека Расмусэн упэўнены, што Еўразвяз працягне санкцыі супраць РФ за агрэсію супраць Украіны. Пра гэта ён заявіў падчас прэс-канферэнцыі з украінскім калегам Уладзімірам Гройсманам 26 чэрвеня ў Капенгагене, паведамляе карэспандэнт выдання «Гордан».
Ён падкрэсліў, што Данія падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасць і суверэнітэт Украіны, а санкцыі супраць РФ павінны заставацца ў сіле да поўнай імплементацыі Менскіх пагадненняў.
«Мы павінны і надалей ціснуць на Расею. Мы за тое, каб працягнуць санкцыі, падчас сустрэчы на саміце [лідараў] ЕЗ на гэтым тыдні мы будзем пра гэта казаць. Я прагназую, што будзе згода, кансэнсус, каб гэта зрабіць. Украіна таксама павінна быць на першым месцы на парадку NATO і браць удзел у наступным месяцы ў саміце NATO», - сказаў Расмусэн.
Эканамічныя санкцыі ў дачыненні да Расеі былі ўведзеныя Злучанымі Штатамі, Еўразвязам і некаторымі іншымі краінамі вясной 2014 года пасля анэксіі Крыма і пачатку вайсковых дзеянняў на Данбасе. Санкцыйныя пакеты некалькі разоў пашыраліся і станавіліся больш жорсткімі.
Еўрапейскі Звяз 12 сакавіка падоўжыў на паўгода санкцыі за агрэсію ў дачыненні да Украіны, а 18 чэрвеня - абмежаванні за анэксію Крыма.
Саміт лідараў ЕЗ пройдзе 28-29 чэрвеня ў Брусэлі.