Беларусь і Украіна дамовіліся пра дэмаркацыю мяжы ў зоне адчужэння Чарнобыльскай АЭС
- 27.06.2018, 21:56
Налета пачнецца дэмаркацыя беларуска-ўкраінскай мяжы ў зоне адчужэння Чарнобыльскай АЭС.
Пра гэта паведамляе МЗС Украіны пасля пасяджэння сумеснай дэмаркацыйнай камісіі.
«Узаемная гатоўнасць пачаць гэты працэс, нягледзячы на беспрэцэдэнтныя цяжкасці, звязаныя з радыяцыйным забруджваннем тэрыторыі, сведчыць пра высокі ўзровень узаемнага даверу і ўзаемадзеяння ў стасунках паміж нашымі дзяржавамі», - заявілі ў ведамстве.
Бакі зацвердзілі план дэмаркацыі дзяржаўнай мяжы паміж краінамі на 2018-2026 гады. Адзначаецца, што фінансавую і тэхнічную дапамогу акажа Еўразвяз.
Год таму прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў аб хуткім завяршэнні дэмаркацыі беларуска-ўкраінскай мяжы.
Нагадаем, што дэмаркацыйныя работы накіраваны на тое, каб і Беларусь, і Украіна атрымалі міжнародна прызнаную дзяржаўную мяжу. У лістападзе 2014 года ўрад зацвердзіў палажэнне аб дэмаркацыі мяжы з Украінай. Паведамлялася, што працэс пераносу дзяржаўнай мяжы з мапы на мясцовасць, які стартаваў у 2014 годзе, зойме блізу 8 гадоў. Працягласць мяжы Беларусі з Украінай - 1084 кіламетры.