Авіякампаніі ўстурбаваныя пагрозай гандлёвай вайны
- 3.06.2018, 20:54
Авіяперавознікі асцерагаюцца, што ўзмоцнены пратэкцыянізм прывядзе да зніжэння пасажыраплыні.
Авіякампаніі ў нядзелю, 3 чэрвеня, выказалі асцярогу, што рост напружанасць у сферы сусветнага гандлю негатыўна адаб'ецца на авіяпрамысловасці і сусветнай эканоміцы. Яны адрэагавалі такім чынам на аднаўленне тарыфных пагроз ЗША на адрас Кітая і ўвядзенне штрафных мытаў на сталь і алюміній, што імпартуюцца ў ЗША з Канады, Мексікі і краін Еўразвязу, паведамляе DW.
"Усе захады, якія абмяжоўваюць гандаль і, такім чынам, могуць абмежаваць пасажырскія перавозкі, - гэта дрэнна, прычым не толькі для глабальнай эканомікі. Гэта вельмі дрэнна для нашай галіны", - заявіў генеральны дырэктар Міжнароднай асацыяцыі паветранага транспарту (IATA) Аляксандр дэ Жуньяк у кулуарах штогадовага форуму IATA ў аўстралійскім Сіднэі.
Попыт на авіяпералёты бізнэс-класам можа знізіцца
Кіраўнік American Airlines Group Дуглас Паркер адзначыў, што "мы заўсёды адчуваем устурбаванасць, калі назіраем рост напружанасці вакол сусветнага гандлю і свабоднага гандлю". Са свайго боку кіраўнік Сусветнай рады ў турызме і падарожжах (WTTC) Глорыя Гевара сказала, што атмасфера няўпэўненасці можа скараціць попыт на пералёты бізнэс-класам - адная з ключавых крыніц даходу для авіяіндустрыі.
Канцэрны Boeing і Airbus таксама канстатавалі, што атмасфера няўпэўненасці негатыўна ўплывае на бізнэс, дадаўшы, што свабодны гандаль, спрыяе эканамічнаму росту і стварэнню новых працоўных месцаў. Airbus адзначыў, што авіяпрамысловасць існуе дзякуючы свабодзе перамяшчэння і адкрытым рынкам.