Працэсія Божага цела прайшла па цэнтры Менска
- 3.06.2018, 21:04
Некалькі тысяч каталікоў у першую нядзелю чэрвеня прайшлі па цэнтры Менска ў працэсіі Божага цела.
Эўхарыстыю ўзначаліў прадстаўнік Папы Францішка ў Беларусі Апостальскі нунцый Габар Пінтэр, піша tut.by.
Удзельнікі святочнай працэсіі зрабілі традыцыйныя пяць прыпынкаў: на набажэнства ля алтара на Залатой Горцы, а таксама на малітву каля абеліска на плошчы Перамогі, ля алтара на Кастрычніцкай плошчы, ля касцёла Святых Сымона і Алены, і фінішавалі каля архікафедральнага касцёла на плошчы Свабоды.
Асаблівае значэнне гэтае свята мае для дзяцей, якія ў гэтым годзе ўпершыню прыступілі да прычасця. Яны ўбраныя асаблівым чынам - у белыя шаты, што сімвалізуюць чысціню душы і намераў.
Свята Божага цела ў каталіцкім календары мае статус урачыстасці, але дата рухомая. Вернікі асаблівым чынам шануюць Цела і Кроў Хрыста, якія прымаюць у сакрамэнце. Сярод іншых святаў адрозніваецца праходжаннем хроснага ходу са святымі дарамі вакол храма або па вуліцах гарадоў і вёсак.