Нямецкія фермеры запрашаюць беларусаў на работу
- 30.06.2018, 21:28
Спецыялісты з Нямеччыны праводзяць кампанію для прыцягнення сезонных працаўнікоў з краін, якія не ўваходзяць у ЕЗ.
Ураджай трускалак у гэтым годзе выдатны. Гэта добрая навіна. А дрэнная - у тым, што ўсё больш фермераў не могуць знайсці сезонных работнікаў, каб сабраць яе, піша «Газета Слонімская» са спасылкай на нямецкае выданне Westfalische Nachrichten.
Каб выправіць сітуацыю, цэнтральнае аб'яднанне садоўніцтва і федэральная група спецыялістаў пладаводства, напрыклад, праводзяць цяпер кампанію для прыцягнення ў Нямеччыну сезонных працаўнікоў з краін, якія не ўваходзяць у ЕЗ.
«Паўсюль вядзецца напружаная праца, каб прыязджалі людзі з Украіны або Беларусі», - кажа Стэфан Крэгер, кіраўнік асацыяцыі пладаводства рэгіёну Вестфалія-Ліпі.
Раней на нямецкіх палях працавалі палякі. Затым іх месца занялі румыны і балгары. Але гэты час скончыўся. У многіх краінах Усходняй Еўропы эканоміка квітнее. І ўсё менш людзей гатовыя ехаць на тры месяцы ў Нямеччну. Магчыма, дома яны запрацуюць менш, затое будуць бавіць час разам з сям'ёй. А калі і надумаюць з'ехаць на збор ураджаю, то неабавязкова ў Нямеччыну. У Бэльгіі і Галандыі мінімальны заробак значна вышэйшы - ад 9,5 да 9,7 еўра.
Наступствы ад браку працоўных рук сумныя - салодкія, чырвоныя, сакавітыя клубніцы гніюць на палях. Фермеры кідаюць працоўныя сілы толькі на самыя добрыя ўчасткі. У выніку 1,5 га з кожных 10 га застаюцца непрыбранымі, тлумачыць выданне.