BE RU EN

Актывіст з Віцебску: Іду на адкрытае непадпарадкаванне

  • 5.06.2018, 14:52

Актывіст прынцыпова адмаўляецца аплачваць незаконны штраф.

Аддзел прымусовага выканання Кастрычніцкага раёна горада Віцебска ад 24 красавіка пачаў у дачыненні да актывіста Пятра Іванова выканаўчае справаводства. Судовыя выканаўцы маюць намер спагнаць з Іванова больш за дзве тысячы рублёў штрафу, прысуджанага яму Кастрычніцкім судом у студзені 2018 года, паведамляе «Витебская весна».

Пётр Іваноў быў прызнаны «вінаватым ва ўчыненні злачынства паводле ч.1 арт.366 КК РБ».

Адзначым, што ў пастанове аб распачынанні выканаўчага справаводства, апублікаванай Івановым на сайце «Свободный регион», гаворка ідзе пра спагнанне астатку штрафу (1762 рублі).

Старшыня генеральнай рады для стварэнні міжнароднага аб'яднання «За сумленную ўладу» Пётр Іваноў тлумачыць у сваёй заяве, што частка штрафу была без ягонага ведама і згоды аплачаная адным з ягоных паплечнікаў. Дадае, што ўжо накіраваў у аддзел прымусовага выканання заяву з патрабаваннем не залічаць гэтыя грошы на выплату штрафу і вярнуць іх таму, хто заплаціў.

Актывіст таксама заявіў, што адзіны чалавек, якому б ён дазволіў выплаціць «штраф паводле злачыннага прысуду» - гэта Лукашэнка.

Іваноў падкрэслівае, што «загадзя злачынны прысуд, абвешчаны ў выніку крымінальнага судзілішча», ён не выконвае свядома і наўмысна. Таксама наўмысна супраціўляецца ягонаму прымусоваму выкананню.

«Ведаю, што паводле артыкула 418 КК РБ ухіленне асуджанага ад пакарання ў выглядзе штрафу, прызначанага прысудам суда, пры магчымасці яго выплаціць, караецца арыштам. Да выкарыстання такога захаду я гатовы, хоць і не ўхіляюся ад выплаты штрафу паводле прысуду, а наўпрост кажу, што пры магчымасці выплаціць штраф рабіць гэтага не буду... Мяркую за найлепшае адкрытае непадпарадкаванне і супраціў рэжыму тыраніі», - гаворыцца ў заяве Іванова.

Вінаватыя ў выплаце штрафу паводле арт.418 КК РБ могуць быць арыштаваныя на тэрмін да трох месяцаў.

Нагадаем, Кастрычніцкі раённы суд Віцебска 26 студзеня 2018 года прысудзіў Пятра Іванова да штрафу сумай 85 базавых адзінак, прызнаўшы вінаватым ва ўчыненні ім гвалту ў дачыненні да службовай асобы падчас выканання ім службовых абавязкаў (ч.1 арт.366 КК РБ). Пётр Іваноў правёў 108 дзён у віцебскім СІЗА і падчас судовага паседжання неаднаразова заяўляў пра тое, што ў следчым ізалятары яго катавалі. Аб катаваннях у віцебскім СІЗА было паведамлена спецдакладчыку ААН. Пётр Іваноў абскардзіў пастанову Кастрычніцкага суду ў Віцебскім абласным судзе, але апеляцыя засталася не задаволенай.

Апошнія навіны