BE RU EN

Улады Берасця спалохаліся праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода

  • 9.06.2018, 19:32

Пракуратура Берасця вынесла папярэджанні чатыром актывістам.

Як паведаміў праваабаронца Раман Кісляк, 7 чэрвеня шэсць жыхароў Берасця і Берасцейскага раёна падалі ў Берасцейскі гарвыканкам заяву. Аб гэтым паведамляе «Радыё Свабода».

У ёй яны папярэдзілі мясцовую ўладу, што 10 чэрвеня на адной з пляцовак у цэнтры горада маюць намер давесці да жыхароў рэгіёну змест адказу урадавай камісіі на калектыўны зварот супраць будаўніцтва акумулятарнага завода, пад якім падпісаліся амаль 37 тысяч жыхароў Берасця і Берасцейскага раёна. Яны мяркуюць, што завод пагражае іх здароўю.

Са слоў праваабаронцы, 8 чэрвеня чатырох з шасці падпісантаў заявы выклікалі ў пракуратуру Берасця позвамі. З позваў вынікала, што актывістам неабходна з'явіцца для дачы тлумачэнняў, звязаных з парушэннем заканадаўства аб парадку правядзення масавых мерапрыемстваў.

«У пракуратуры ім вынеслі афіцыйныя папярэджанні аб недапушчальнасці парушэння закона «Аб масавых мерапрыемствах», палічыўшы інфармаванне масавай акцыяй, што неправамерна, - сказаў Кісляк. - Актывістаў грамадскай кампаніі супраць гэтага завода вяжуць па руках і нагах. Не даюць збіраць подпісы, перашкаджаюць інфармаванню жыхароў Берасця пра змест адказу чыноўнікаў на калектыўны зварот».

Праваабаронца падкрэслівае, што пасля правядзення 29 красавіка санкцыянаванага ўладамі мітынгу «берасцейкі супраць свінцу», на які сабралася блізу дзвюх тысяч чалавек, праціўнікаў акумулятарнага завода запалохвалі і рабілі супраць іх рэпрэсіі. «Улады кінулі ўсе сілы, каб збіць грамадскую актыўнасць супраць гэтага завода», - мяркуе Кісляк.

1 чэрвеня ў Берасцейскі райвыканкам была пададзеная заяўка на правядзенне двух пікетаў - 19 і 26 чэрвеня побач з будоўляй.

5 чэрвеня ў Берасцейскі гарвыканкам пададзеная заяўка на сем пікетаў супраць акумулятарнага завода: 22, 23, 25, 27, 28, 29 і 30 чэрвеня на пешаходнай пляцоўцы на адной з вуліц у цэнтры горада.

Раней у Берасцейскі гарвыканкам былі пададзеныя заяўкі на правядзенне ў цэнтры горада трох акцый супраць акумулятарнага завода: двух мітынгаў (31 сакавіка і 10 чэрвеня), а таксама дэманстрацыі і мітынгу «Марш супраць свінцу» (3 чэрвеня). Мясцовая ўлада іх забараніла на падставе таго, што ў адпаведнасці з пастановай гарвыканкама на гэтых пляцоўках не дапускаецца правядзенне масавых мерапрыемстваў.

***

Будаўніцтва акумулятарнага завода пачалося на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» у свабоднай эканамічнай зоне «Брэст». Будаўніцтва вядзе ТАА «АйПаўэр» - рэзідэнт СЭЗ, падрадчык - кітайскае ТАА «Аньхойская замежнаэканамічная будаўнічая карпарацыя». На заводзе плануецца наладзіць поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.

Амаль 37 тысяч подпісаў супраць будаўніцтва завода былі перададзеныя ў адміністрацыю дыктатара ў лютым. Аднак урадавая камісія не выявіла парушэнняў у рэалізацыі праекта будаўніцтва завода. 17 траўня на гэты адказ камісіі была накіраваная адпаведная скарга на імя Лукашэнкі.

Апошнія навіны