Гоша Куцэнка трапіў у базу «Міратворца»
- 9.06.2018, 21:25
Вядомы расейскі актор удзельнічаў у прапагандысцкіх мерапрыемствах Расеі і наведваў анэксаваны Крым.
Расейскі актор, ураджэнец Украіны Гоша Куцэнка трапіў у базу валанцёрскага сайта «Міратворац». Яго звесткі знаходзяцца ў раздзеле «Чысцец», піша gordonua.com.
«Арганізацыя парушэння дзяржаўнай мяжы Украіны з мэтай пранікнення ў захоплены расейскімі акупантамі Крым групы замежных грамадзян. Удзел у прапагандысцкіх мерапрыемствах Расеі (краіна-агрэсар). Удзел у спробах легалізацыі анэксіі АР Крым», - пералічылі валанцёры парушэнні ўкраінскага заканадаўства, дапушчаныя акторам.
Куцэнка бярэ ўдзел у фільмах, здымкі якіх праходзяць у анэксаваным Крыме. Так, ён з'яўляецца прадусарам і акторам у фільме «Балканский рубеж», які часткова здымаўся на паўвостраве.
Сайт валанцёрскага цэнтра «Міратворац» дзейнічае з вясны 2014 года. Туды рэгулярна трапляюць баевікі, расейскія артысты і палітыкі, а таксама прадстаўнікі ўкраінскага палітыкум. Актывісты заяўляюць, што ўносяць у базу праекта памагатых тэрарыстаў Данбаса і тых, хто трапляў у акупаваны Крым насуперак украінскім законам.