Леанід Заіка: «Мы ўпалі і паўзем на карачках»
- 21.07.2018, 10:44
УБП Беларусі ў першым паўгоддзі вырас на 4,5%. Гэта поспех?
Эканаміст Леў Марголін мяркуе, што адзначаны рост УБП можна назваць поспехам беларускай эканомікі, бо ён вышэйшы за сярэднееўрапейскія тэмпы.
Разам з тым, з улікам падзення айчыннай эканомікі ў 2015-2015 гадах нават рост УБП на 4,5% дазволіць дасягнуць перадкрызісны перыяд толькі гадоў праз шэсць-восем, зазначае экспэрт.
Як піша «Салідарнасць», такога меркавання пільнуецца і кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка. Ён нагадвае, што беларускі УБП да крызісу складаў 76 мільярдаў даляраў, а сёлета можа скласці блізу 55 мільярдаў. На ягоную думку, для аднаўлення на ранейшых пазіцыях айчыннай эканоміцы можа і ўвогуле спатрэбіцца дзесяцігоддзе.
- Мы ўпалі і, на жаль, пакуль паўзем на карачках, - адзначае Заіка.
Улады планавалі, што у 2018 годзе рост УБП складзе не менш за 3,5%. Выходзіць, пакуль эканоміка расце апераджальнымі тэмпамі. Леў Марголін мяркуе, што ў першым паўгоддзі беларускі УБП рос, у тым ліку, за кошт аднаўлення расейскага рынку.
- Нейкага прарыву ў нас не назіраецца, - кажа эканаміст.
Леанід Заіка уважае, што прыкметны рост УБП у першым паўгоддзі атрымаўся дзякуючы замежным рынках.
- Спрацавала сусветная дынаміка. І поспехі расейскіх лётчыкаў, якія ўсіх перапалохалі, і кошт нафты стаў расці. У нас значна вырас паказчык экспарту нафтапрадуктаў у коштавым параметры. То бок, гэта не залежала ад беларусаў, - кажа кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія». - Але што да ўнутранага рынку, то сітуацыя тут вельмі небяспечная. УБП вырас на 4%, а рэальны заробак на 13%. Гэта небяспечная дыспрапорцыя.
Мне здаецца, люд усё ж наважыў: калі пайшла такая пагулянка, калі ў Міністэрстве аховы здароўя крадуць і захоўваюць па 500 тысяч даляраў дома, а чыноўнікі ледзь не пагалоўна бяруць хабар, мы таксама набярэм крэдытаў, а потым пакажам дулю.