«Зямля тут месцамі варушыцца»
- 26.07.2018, 21:18
У Гомелі на вуліцы Савецкай праз аварыю каналізацыі ўтварыліся глыбокія правалы ў грунце.
Наступствы нядаўніх залеваў працягваюць ствараць крытычныя сітуацыі ў Гомелі.
На зялёнай зоне па вуліцы Савецкай паміж скрыжаваннем з Кірава і далей у бок скрыжавання з вуліцамі Шылава і Чангарскай дывізіі вядуцца аварыйныя працы. На працягу некалькіх соцень метраў іх месца абгароджана плотам і стужкамі. На ўчастку вуліцы Кірава да пешаходнага моста ляжаць ужо злучаныя муфтамі пластыкавыя трубы дыяметрам блізу 800 мм, даўжынёй некалькі сотняў метраў, пішуць «Моцныя навіны».
Далей на вуліцы Савецкай у некалькіх месцах цяжкая тэхніка вядзе земляныя работы, некаторыя дрэвы выкарчоўваюць з коранем. Глыбіня адной з раскопак дасягае прыблізна 7-8 метраў, на дне - вада. На процілеглым канцы агароджанага адцінку, ля бетоннай сцяны зеўраюць тры глыбокія ямы. Адна з роўнымі сценкамі, магчыма, ад старога каналізацыйнага калодзежа. Дзве іншыя ямы - відавочна, правалы, размытыя ліўнямі. Іх краі - напалову абрынутыя, глыбіня - да 4-5 метраў. Грунт паміж двума такімі ямамі асеў уніз і здаецца, гатовы вось-вось праваліцца. Калі я асцярожна набліжаюся да краю адной з іх, на дне раптам б'е струмень вады з пенай. Ля апошняй ямы-студні працуе мотапомпа.
Рабочыя ў правалаў ходзяць таксама з асцярогай. «Зямля тут месцамі варушыцца», - кажа адзін з іх. Месца абгароджанае стужкай. Мяркуючы з нашывак на спяцоўцы, работы вядзе камунальнае прадпрыемства «Гомельводаканал».
25 ліпеня аварыйныя працы на Савецкай працягваліся і пасля 9 гадзін вечара. На месцы іх правядзення, са словах працаўнікоў, знаходзіўся намеснік старшыні Гомельскага гарвыканкама Аляксандр Сівакоў.
Што ж адбылося на Савецкай? 26 ліпеня каментары ў КВУП «Гомельводаканал» з нагоды таго, што здарылася даць не было каму, бо дырэктар прадпрыемства акурат знаходзіўся на месцы работ. Нікога з кампетэнтных службовых асоб не было на месцы і ў Гомельскім гарвыканкаме. Таму расказваем са слоў простых рабочых. Яны патлумачылі: праз ліўні ўвабраўшы дадатковую вільгаць грунт сваім цяжарам праціснуў старую бетонную трубу каналізацыі дыяметрам 800 мм. Пад зямлю хлынула вада, а ў глебе сталі ўтварацца глыбокія правалы. Была прынятая пастанова аб замене большага адцінку трубы. Аднак сучасная тэхніка дазваляе правесці такога кшталту тэхнічную аперацыю без раскопвання паверхні. Спецыяльная земляройная машына тыпу «Крот» прабівае падземны канал проста ў тоўшчы грунту, а затым туды заводзіцца загадзя змантажаваная труба.
Земляныя правалы ў гэтыя дні ўтварыліся ў многіх месцах горада. Са слоў камунальнікаў, такіх наступстваў ад разгулу стыхіі не было ў Гомелі больш за дзесяць гадоў.