BE RU EN

У Гародні не ўпусцілі гасцей на 30-годдзе Звязу палякаў Беларусі

  • 27.07.2018, 21:20

28 ліпеня ў Гародні пройдуць урачыстасці з нагоды 30-годдзя заснавання Звязу палякаў Беларусі.

28 ліпеня ў Гародні пройдуць урачыстасці з нагоды 30-годдзя заснавання Звязу палякаў Беларусі. Але некаторыя з польскіх гасцей не змогуць узяць удзел у святкаванні, паведамляе «Радыё Польшча».

Рышарду Уманьскаму, святару парафіі Найсвяцейшай Маці Божай Чэнстахоўскай і капелану прафзвязу «Салідарнасць» з Чэнстахова не дазволілі ўехаць у Беларусь.

Анжаліка Борыс, старшыня Звязу палякаў Беларусі, непрызнаванага афіцыйным Менскам, паведаміла, што святар Рышард Уманьскі з Чэнстахова падтрымлівае ейную арганізацыю. Не выключана, што яму не дазволілі ўехаць у Беларусь пасля апошняга візіту ў Гародню ў лютым гэтага года, калі ён удзельнічаў у набажэнстве з нагоды гадавіны дэпартацыі палякаў у Сібір.

Анжаліка Борыс падкрэсліла, што, працуючы ў Беларусі, польскія актывісты заўсёды сутыкаюцца з нечаканымі праблемамі.

На святкаванні 30-годдзя ЗПБ у Гародні не будзе дэлегацыі ад польскай управы ў справах ветэранаў і рэпрэсаваных. Беларуская старана адмовілася выдаць ім візы.

На 30-годдзе ЗПБ павінен прыехаць спікер Сэнату Польшчы Станіслаў Карчэўскі. Чакаюцца іншыя дэлегацыі ад урада, парламента Польшчы, органаў самакіравання Беластока, Сопату.

Апошнія навіны