BE RU EN

Сусветны банк: У Беларусі трэба скасаваць дзяржаўнае рэгуляванне коштаў

  • 28.07.2018, 20:25

Кошты павінны фармавацца на рынкавых прынцыпах.

Беларусі варта адмовіцца ад практыкі адміністрацыйнага рэгулявання коштаў. Такую параду дае Сусветны банк у «Комплексным дыягнастычным даследаванні эканомікі Беларусі», паведамляе «Радыё Свабода».

«Адміністрацыйны кантроль коштаў сацыяльна значных тавараў і іншыя абмежаванні, такія як патрабаванні да арганізацый раздробнага гандлю што да рэалізацыі прадукцыі мясцовай вытворчасці, трэба ліквідаваць, каб забяспечыць фармаванне коштаў рынкавымі прынцыпамі», - мяркуе Сусветны банк.

Паводле ацэнак Сусветнага банка, рынкі ў Беларусі рэгулююцца шматлікімі нарматыўнымі актамі, якія павялічваюць выдаткі ўваходу на рынак і вядзення бізнэсу.

«Некаторыя галіновыя нарматыўныя прававыя акты з'яўляюцца цяжкімі - напрыклад, у авіяцыйных дачыненнях, сектарах тэлекамунікацый, прыватных медыцынскіх паслугах, вышэйшай адукацыі і будаўніцтве, што не спрыяе прыходу на рынак або пашырэнню бізнэсу многіх кампаній», - канстатуюць экспэрты Сусветнага банка.

На думку банка, развіццю прыватнага сектара ў краіне многія гады не надавалася належнай увагі, таму ўзровень занятасці ў недзяржаўным сектары адзін з самых нізкіх у рэгіёне.

«Пасля распаду Савецкага Саюза Беларусь пайшла шляхам паэтапнай трансфармацыі, які характарызаваўся павольнымі тэмпамі развіцця прыватнага сектара і абмежаванымі рэформамі сістэмы кіравання дзяржаўнымі прадпрыемствамі», - адзначаюць экспэрты Сусветнага банка.

Адным з наступстваў такой палітыкі сталі даволі нізкія тэмпы росту прыватнага сектара, гаворыцца ў даследаванні.

Апошнія навіны