BE RU EN

Жыхар Баранавічаў: Выходзіць, плачу падаткі, каб іх марнавалі?

  • 28.07.2018, 20:46

Жыхары Баранавічаў абураныя тым, як мяняюць трубы ў дварах.

У рэдакцыю Intex-press звярнулася некалькі жыхароў дома №17/5 на вуліцы Наканечнікава. Яны паскардзіліся на тое, што «раскопкі», якія ўтварыліся падчас замены цеплатрасы, амаль не абгароджаныя, і будаўнікі разбурылі ходнікі, выкладзеныя кагадзе.

Жыхар дзевяціпавярховіка на вуліцы Наканечнікава 17/5 Павел распавядае, што ў ягоным двары і побач з іншымі шматпавярховымі дамамі будаўнікі мяняюць трубы. Частка Паўночнага мікрараёна, са слоў спадара, ператварылася ў вялікі катлаван. Пры гэтым будаўнікі раскапалі не толькі дваровую тэрыторыю, але і ходнікі.

– Каля дзіцячага садка №52 дарожку паклалі толькі сёлета. А цяпер ходнік цалкам раскапалі. Чаму такая безгаспадарчасць? Выходзіць, я плачу падаткі, каб іх марнавалі? – абураецца Павел.

Але яшчэ больш ягамосця хвалюе пытанне бяспекі – «раскопкі» абгароджаныя толькі ў некалькіх месцах.

– Дзеці папросту могуць зваліцца ў выкапаную яму, – разважае Павел.

Яшчэ адзін жыхар дзевяціпавярховіка кажа, што дзятва ўжо налюбавала месца, дзе праводзяць работы, і, на ягоны погляд, «да бяды недалёка».

Фото: Евгений ТИХАНОВИЧ

– Я іх адганяю, а вынік... Разбягаюцца, а потым зноў на груды пяску залазяць, – кажа ён.

«Трэба пацярпець часовыя невыгоды»

У Баранавіцкіх цеплавых сетках растлумачылі, што на гэтай дзялянцы праводзіцца замена цеплатрасы. Работы выконвае менская фірма за кошт нацыянальнага бюджэту. Са слоў Уладзіміра Палешчука, начальніка аддзела капітальнага будаўніцтва Баранавіцкіх цеплавых сетак, плануюць замяніць блізу 600 мэтраў цеплатрасы, і ўсталяваць агароджу на такім вялікім адцінку проста немагчыма.

Фото: Евгений ТИХАНОВИЧ

– Жыхарам трэба пацярпець часовыя невыгоды, бацькоў мы просім прыглядаць за сваімі дзецьмі, – кажа Уладзімір Паляшчук. – Мы робім усё, каб выканаць работы як мага хутчэй.

Фото: Евгений ТИХАНОВИЧ

Скончыць работы замены цеплатрасы, са слоў Уладзіміра Палешчука, плануюць да 15 жніўня. Пасля таго, як будуць засыпаныя ямы, будаўнікі зоймуцца ўпарадкаваннем.

– І ходнікі, і азеляненне будзе цалкам адноўленыя, – абяцае Уладзімір Паляшчук.

Апошнія навіны