У Берасцейскай вобласці нарыхтавалі рэкордны ўраджай чарніц
- 3.07.2018, 10:53
Кааперацыя паведаміла, што ягады было здадзена ўдвая больш, чым год таму.
Кааператары Берасцейскай вобласці нарыхтавалі чарніц удвая больш, чым летась, паведаміў БелТА начальнік аддзела нарыхтовак, рынкаў і замежнаэканамічнай дзейнасці аблспажыўсаюзу Валерый Капітанчык.
У гэтым годзе кааператары рэгіёну пачалі нарыхтоўку чарніц на два тыдні раней за звычайныя тэрміны. Спякотны пачатак лета спрыяў ранняму выспяванню ягады. «Мінулы год выдаўся неўраджайным для чарніц, таму мы змаглі нарыхтаваць іх крыху больш за 22 т. На сёння мы ўжо з гакам перасягнулі той аб'ём: у насельніцтва закуплена чарніц удвая больш, чым летась», - сказаў Валерый Капітанчык.
Асноўная нарыхтоўка дзікаросаў ідзе ў Івацэвіцкім, Пінскім, Ганцавіцкім, Іванаўскім раёнах. Чарніцу прымаюць як крамы райпо, так і нарыхтоўшчыкі дома. Усяго ў рэгіёне задзейнічана больш за 130 нарыхтоўшчыкаў. Закупкавы кошт ягады ў сярэднім па вобласці вагаецца ад 3 рублёў да 4 рублёў за 1 кг. «Ён нават вышэйшы, чым у мінулы неўрадлівы год. Мы маем намер нарыхтаваць максімальна вялікі аб'ём ягады - возьмем усё, што прынясе насельніцтва», - адзначыў начальнік аддзела нарыхтовак.
Свежыя ягады пастаўляюцца ў раздробныя гандлёвыя сеткі і на рынкі. Асноўны ж аб'ём чарніцы плануецца замарозіць для пастаўкі на экспарт. У такім выглядзе яе з задавальненнем закупляюць краіны Балтыі, Польшча, Расея.
Адначасова кааператары Берасцейскай вобласці актыўна прымаюць ад насельніцтва гародніну (агуркі, таматы, капусту) і садовыя ягады. Ужо закуплена блізу 400 т трускалкі, што прыкладна адпавядае ўзроўню мінулага года, ідзе нарыхтоўка чырвонай парэчкі, вішні і іншых культур.